Парафія сьвятога Язэпа > Навіны > МАЛІТВАМІ І ЗАСТУПНІЦТВАМ БАГАРОДЗІЦЫ

МАЛІТВАМІ І ЗАСТУПНІЦТВАМ БАГАРОДЗІЦЫ


7.07.2009.
XV грэка-каталіцкая пілігрымка

МАЛІТВАМІ І ЗАСТУПНІЦТВАМ БАГАРОДЗІЦЫ
Перад Іконай Маці Божай Нястомнай Дапамогі, якая зьяўляецца іконай Маці Божай Балеснай, у Душпастырскім цэнтры па зав. Сьнежным у Менску маліліся сёньня ўвечары менскія вернікі, вырушаючы ў Віцебск. У малітве ўдзельнічалі таксама і тыя, хто захацеў далучыцца да Пілігрымкі духова.
Боскую Літургію ўзначаліў Архімандрыт Сяргей (Гаек) у саслужэньні а. Пахома (Кавалёва), які таксама адправіўся ў Пілігрымку.

“Госпадзе, зрабі простым наш шлях...,
кіруй нашымі крокамі,
малітвамі і заступніцтвам усяслаўнае Багародзіцы
і заўсёды Дзевы Марыі”

- прачытаў малітву Архімандрыт.

У той жа вечар першыя пілігрымы, якія прыбылі ўжо ў Віцебск, маліліся ля крыжа, што ўсталяваны на месцы мучаніцкай сьмерці сьв. Сьвятамучаніка Язафата.

Як вядома, Пілігрымка, што пачалася 15 год таму, для ўшанаваньня памяці 5-ці Полацкіх пакутнікаў - базыльянскіх манахаў, забітых у 1705 годзе, кожны год праходзіць крыжовы шлях сьв. Сьвятамучаніка Язафата і Полацкіх пакутнікаў.

У гэтым годзе Пілігрымка праходзіць пад дэвізам “Крыж Хрыста – знак любові” і таму малітва ля крыжа ці перад Іконай Балеснай Маці Божай Нястомнай Дапамогі мае асаблівае сімвалічнае значэньне.

Заўтра, у сераду 8 ліпеня, у рамках Пілігрымкі праходзіць Дзень малітвы за сем’і Беларусі. Дзень скончыцца ў Шуміліна, дзе ў 18:30 будзе адслужаная Боская Літургія ў рыма-каталіцкай капліцы Маці Божай Фацімскай і сьв. Язафата.

Чацьвер, 9 ліпеня - Дзень малітвы за сьвятароў і семінарыстаў; пятніца, 10 ліпеня - Дзень малітвы за моладзь Беларусі.
Кожны хрысьціянін, кожны чалавек, які шукае Бога, які любіць сваю Бацькаўшчыну Беларусь, можа далучыцца да Пілігрымкі і прайсьці гэты шлях у супольнай малітве і любові.
Кантакт: а. Андрэй Буйніч (029)566.24.14 (МТС), (044)776.24.14 (VEL)
Адказны за Пілігрымку: а. Протапрэзьбітар Зьміцер Грышан (029) 210.80.95 (МТС), (029) 675.29.97(VEL)

Вярнуцца назад