10 дзён пасьля Ўрачыстасьці Зыходу Сьвятога Духа (Пяцідзесятніцы) ў каляндары лацінскага абраду прыпадае Сьвята Цела і Крыві Хрыста (Божае Цела) – у гэтым годзе гэта быў чацьвер 11 чэрвеня. Паколькі ў Беларусі гэта працоўны дзень, звычайна ў дыяцэзіях арганізуюцца ўрачыстыя працэсіі ў бліжайшую суботу або ў нядзелю.
У нядзелю 14 чэрвеня ўрачыстая эўхарыстычная працэсія з Сьвятымі Дарамі (Найсьвяцейшым Сакраманатам) адбылася па вуліцах Менска. Працэсію вёў Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі Архібіскуп Тадэвуш Кандрусевіч. Акрамя сьвятароў лацінскага абраду ў працэсіі ўдзельнічалі менскія грэка-каталіцкія душпастыры а. Пахом Кавалёў і а. Яўген Усошын. (Протапрэзьбітар Андрэй Абламейка ды Архімандрыт Сяргей (Гаек) былі ў гэты дзень ў Рыме на біскупскай хіратоніі новага Сакратара Кангрэгацыі Ўсходніх Цэркваў Уладыкі Кірыла Васіля).
У працэсіі ўзялі ўдзел панамары Алтарнага брацтва, якія несьлі харугвы і Абраз Хрыста Міласэрнага (які падарожнічае па парафіях Мінска-магілёўскай дыяцэзіі).
У Віцебску ў эўхарыстычнай працэсіі, якую ў суботу 13 чэрвеня ўзначаліў Кардынал Казімір Сьвёнтэк, удзельнічалі грэка-каталіцкія сьвятары Ўсходняга Протапрэзбітатату а. Алесь Шаўцоў і а. Алесь Шыбека.
У Горадні ў эўхарыстычнай працэсіі ў нядзелю 14 чэрвеня ўжо традыцыйна ўдзельнічаў грэка-каталіцкі душпастыр а. Андрэй Крот.
У працэсіі ў рыма-каталіцкай парафіі ў Івацэвічах удзельнічалі панамары мясцовай грэка-каталіцкай парафіі Маці Божай Жыровіцкай.
Сьвята Найсьвяцейшых Цела і Крыві Госпада стала супольным сьведчаньнем духовай Сулучнасьці рыма-каталікоў і грэка-каталікоў у іх адказнасьці за веру ды Паўсюдную Царкву.