Парафія сьвятога Язэпа > Навіны > Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі Тадэвуш Кандрусевіч удзельнічаў у свяце грэка-каталіцкай парафіі Праведнага Язэпа ў Мінску
Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі Тадэвуш Кандрусевіч удзельнічаў у свяце грэка-каталіцкай парафіі Праведнага Язэпа ў Мінску30.12.2007. |
Паводле літургічнага каляндара візантыйскага абраду ў нядзелю пасля Божага Нараджэньня сьвяткуецца сьвята сьв. Праведнага Язэпа, зямнога Апекуна Ісуса Хрыста. 30 сьнежня 2007 г. грэка-каталіцкая парафія Праведнага Язэпа ў Мінску (першая адроджаная грэка-каталіцкая парафія ў Беларусі, адноўленая ў 1990 г.) адзначала парафіяльнае сьвята. З гэтай нагоды, па запрашэньні Апостальскага Візітатара для грэка-католікаў Беларусі Архімандрыта Сяргея (Гаека) і пробашча парафіі протапрэзбітэра а. Андрэя Абламейкі, парафіяльную супольнасьць наведаў Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч і разам з кс. д-рам Янам Крэмісам прысутнічаў на сьвяточнай Боскай Літургіі (ў візантыйскім абрадзе) ў касьцёле сьв. Яна Хрысьціцеля ў раёне Серабранка (вул. Пляханава). Гэта была чаканая сустрэча грэка-католікаў г. Мінска з Высокадастойным Уладыкам Мітрапалітам.
Мітрапаліт Тадэвуш прамовіў казаньне да ўдзельнікаў сьвята. У сваім слове ён выказаў радасьць, што можа супольна маліцца з грэка-католікамі, якія разам з вернікамі лацінскага абраду, складаюць Супольнасьць Каталіцкай Царквы ў Беларусі. Арцыбіскуп таксама звярнуў увагу, што сьв. Язэп, які ў Евангельлі названы “мужам справядлівым”, застаецца сёньня вельмі каштоўным і актуальным прыкладам мужчыны. А гэта таму, што сьвет сёньня патрабуе мужчынаў, якія гатовыя мужна і адказна спаўняць сваё пакліканьне. На заканчэнне Боскай Літургіі, якую разам з Архімандрытам Сяргеем саслужылі душпастыры мінскіх грэка-каталіцкіх парафій святары Андрэй Абламейка, Казімір Ляховіч, Андрэй Буйніч і Яўген Усошын, Высокадастойны Уладыка Мітрапаліт удзяліў усім прысутным пастырскае блаславенне, а вернікі заспявалі яму архіярэйскае “Многія леты”. Прэс-служба Апостальскага Візітатара Вярнуцца назад |