Парафія сьвятога Язэпа > Казаньні і гаміліі > Стаць “неопалімой купіной” - Слова на сьвята Зыходу Сьвятога Духа
Стаць “неопалімой купіной” - Слова на сьвята Зыходу Сьвятога Духа30.05.2009. |
|
1. Учора ўвечары на вялікай вячэрне былі чытаныя словы з кнігі прарока Езекіеля: “І дам вам новае сэрца і новага духа ўдыхну ў нутры вашыя, каменныя сэрцы забяру з целаў вашых, а дам вам сэрцы цялесныя” (Езекіель 36, 24-28). Вось жа сёньня споўнілася старадоўняе прароцтва, сёньня мы сьвяткуем “спаўненьне абяцаньня, і надзеі зьдзяйсьненьне” (з вячэрні).
Зьдзейсьнілася нашая надзея мець сэрца цялеснае, споўнілася абяцаньне атрымаць нам новага духа – сам Ісус зьвяртаецца да нас такімі словамі: “Хто мае смагу, хай прыходзіць да мяне і п’е. Хто верыць у мяне, як кажа Пісаньне, рэкі жывой вады пацякуць з ягонага ўлоньня” (Ян 7, 37)! 2. Прыняць Сьвятога Духа – гэта прыняць Божае пакліканьне. Прыняць Сьвятога Духа – гэта прыняць ад Яго ўладу і адвагу зьмяніць сьвет, які вакол цябе, зьмяніць самога сябе. Прыняць Сьвятога Духа – гэта прыняць прагненьне наталіць сасмаглых Словам Божым і Добрай Навіной даць мір прыгнечаным. Прыняць Асьвячаючага – гэта значыць стаць самому сьвятым; прыняць Жыватворчага – значыць стаць самому апосталам жыцьця; прыняць Ачышчаючага – значыць стаць самому на дарогу каяньня. 3. Феафан Затворнік, казаў пра Сьвятога Духа, што Ён – душа чалавечай душы. Як цяжка ўявіць чалавека без душы, гэтак жа цяжка ўявіць хрысьціяніна, што ня мае Сьвятога Духа. Калі мы – хрысьціяне, то толькі ў Сьвятым Духе! Сьвяты Дух нас памяшчае ў самога Хрыста, Сьвяты Дух натхняе нас маліцца словамі апостала Паўла: “Ужо жыву не я, але жыве ў-ва мне Хрыстос”. Ніхто не атрымлівае Сьвятога Духа раз і на заўсёды. Мы пакліканы – па словах сьв. Серафіма Сароўскага – “стяжать” (здабываць, набываць) Суцяшальніка ў кожны момант нашага жыцьця. Гэта – праца, якая патрабуе высілкаў. Высілкаў патрабуе малітва і чытаньне Сьвятога Пісаньня, высілкаў патрабуе пераадоленьне штодзённых клопатаў і руціны… Кожным момантам нашага жыцьця можна “набыць” у Бога ласку Сьвятога Духа. Будзем жа зараз маліцца, каб сёньня, у дзень Сьвятой Пяцідзесятніцы, Бог паслаў у нашыя сэрцы агонь, які пераменіць нас у крыніцу духоўнай энэргіі і натхненьня. Хай агонь Сьвятога Духа зробіць нас сьветачамі, “неопалімымі купінамі” для іншых людзей на шляху ў Божае Валадарства. Вярнуцца назад |