Парафія сьвятога Язэпа > Навіны > Зварот пробашча парафіі сьв.Язэпа а. Андрэя Абламейкі з нагоды Раства Хрыстовага
Зварот пробашча парафіі сьв.Язэпа а. Андрэя Абламейкі з нагоды Раства Хрыстовага30.12.2006. |
а. Андрэй Абламейка пробашч парафіі сьв. Язэпа Слава Ісусу Хрысту! У Сьвятым Евангельлі сустракаем нямала апісаньняў учынкаў Сьв. Язэпа, аднак ніколі не прачытаем ягоных словаў – сапраўды, часамі ўчынкі гавораць больш, чым словы, ды ўвогуле без учынкаў наша вера мёртвая (Як.2.17). Вось ужо 16-ць гадоў мы молімся і праслаўляем нашага Госпада Ісуса Хрыста ў родным Менску. Зроблена нямала і ўсё ж такі сэрца троху вярэдзіць – адсутнасьць свайго храма, сваёй царквы моцна перашкаджае нам у душпастырстве. Гэта ў Менску, дзе яшчэ ў 1793 годзе толькі ў гістарычнай частцы горада дзейнічала тры манастыры і пяць храмаў – сёньня захаваліся толькі будынкі манастыроў: у Сьвятатраецкім манастыры разьмяшчаецца 2-я Гарадзкая лякарня, у жаночым Сьвятадухаўскім манастыры – Музычная школа, а ў мужчынскім – офісы і нават рэстарацыя, на месцы Сьвятадухаўкі – пустая пляцоўка. Тым не менш, усе 16 год мы не гублялі і не губляем надзеі аднавіць наш храм, дзе мы будзем праслаўляць Бога і Збаўцу нашага Ісуса Хрыста. Пакуль што мы молімся ў касьцёле Сьв. Яна Хрысьціцеля аа. Салезіянаў у Серабранцы, за гэта я вельмі ўдзячны пробашчу – айцу Ігару Лашуку і ўсёй парафіі за тое, што выказваюць гэтым нам сваю любоў, як браты ў Хрысьце (пар. Лк.10.27). Самай важнай малітвай для нас ёсьць малітва за адбудову свайго храма, але я разумею, што не храм нас робіць хрысьціянамі, але насьледваньне Хрыста ўсім сваім жыцьцём. Я хачу сказаць вам, што мы, як парафія, ня гледзячы на цяжкасьці, перашкоды зьнешнія і ўнутраныя, наколькі можам служым пашырэньню Евангельля Хрыстовага ў Менску, наша штодзённая малітва і праца моцай Сьвятога Духа павінны прынесьці багаты плод і для нас, і для Менчукоў – таму што Бог “кожную галінку, якая родзіць плод, ачышчае, каб больш урадзіла плоду” (Ян 15.2). Вельмі насычаны для нас быў і 2006 год Р.Х. Былі Хросты, акрамя дзяцей таксама і дарослых людзей, былі Шлюбы, як маладых, так і сталых ужо параў. Адбыліся рэкалекцыі Вялікапосныя і Калядныя, летам былі рэкалекцыйныя сустрэчы для дзяцей, моладзі і сужэнстваў. Мы ўдзельнічалі ў штогадовай Пілігрымцы сьледам пяці Полацкіх Пакутнікаў. На працягу года ажыцьцяўлялі сацыяльныя праекты, хай малыя, але са шчырым сэрцам. Сустракаліся са Сьвятым Айцом у Варшаве, удзельнічалі як парафія ў сьвятах у Будславе, Полацку, Росіцы, Віцебску і Берасьці. У гэтым годзе маем новага сэмінарыста Сяргея Раюнца, які вучыцца на першым курсе ў сэмінарыі Драгічына (Польшча), таксама два нашых сэмінарыста скончылі сваю фармацыю і нават былі высьвячаныя – айцец Андрэй Буйніч на сьвятара, а айцец Яўген Усошын на дыякана [17 чэрвеня 2007 рукапакладзены на сьвятара - рэд.] – Слава на Вышынях Богу, хай новавысьвячаныя ў сваім служэньні ідуць за нашым Збаўцам да канца (пар.Мц.28.18-20). Праз увесь год працавалі нашыя пастаральныя ініцыятывы: Нядзельная школка, Клуб інтэлігенцыі Сьв.Кірылы Тураўскага, Скаўцкія спатканьні, Сямейнае кола, праводзіліся катэхезы. У 2006 годзе адбыўся падзел на два Протапрэзьбітараты, наша парафія стала часткай Цэнтральна-Заходняга протапрэзьбітарата Блаславёнага сьвятамучаніка Мікалая Чарнэцкага. Я дзякую вам усім за ахвярнасьць і шчырае служэньне на Славу Госпаду, усім, хто удзельнічаў у жыцьці Царквы, я паўтараю яшчэ і яшчэ: хрысьціянінам можна стаць толькі асабіста сустрэўшыся з Хрыстом, быць жа хрысьціянінам можна толькі ў супольнасьці хрысьціянаў, якія ўтвараюць Царкву – Цела Хрыстовае. Асабліва дзякую нашаму Уладыку, Апостальскаму Візітатару Архімандрыту Сяргею за ягоную пастырскую апеку і падтрымку нашых ініцыятываў, а таксама дзякую Апостальскаму Нунцыю ў Беларусі архібіскупу Марціну Відавічу, які заўсёды адкрыты на нашыя патрэбы і гатовы нам дапамагаць. Хай Народжаны Збавіцель бласлаўляе нашыя сем’і, хай напаўняе нашыя сэрцы радасьцю і вясельлем! Хай Сьвяты Язэп апякуецца намі. Хрыстос Нарадзіўся! Яго Славім! Вярнуцца назад |