Парафія сьвятога Язэпа > Навіны > Вялікая Субота

Вялікая Субота


14.04.2009.
Вялікая Субота
Вялікая Субота выдалася вельмі сонечнай. Столькі сонечнага сьвятла ўлівалася праз вокны ў Капліцу Усіх Сьвятых Беларускіх, што рабілася вельмі радасна – вось-вось зазьзяе ”нашае Сонца – Хрыстос”.
Вялікая Субота

Разам з мітрапалітам Тадэвушам Кандрусевічам, фота Ян Крэміс
”Вячэрня Вялікай Суботы разам з Літургіяй сьв. Базыля – гэта чаканьне Ўваскрасеньня. Таму яна пачынаецца ўваскроснымі нядзельнымі песьнямі 1 тону: "Вячэрнія нашы малітвы прымі, сьвяты Госпадзе, і дай нам адпушчэньне грахоў, бо Ты Адзіны, які даў сьвету ўваскрасеньне". У чытаньнях са Старога Запавету даюцца прыклады Божага збаўленьня (пераход гэбрэяў праз Чырвонае Мора, кніга прарока Ёны, уваскрасеньне памерлых праз прарокаў Ільлю і Елісея, збаўленьне ў Бабілёне трох гэбрэйскіх юнакоў, укінутых у распаленую печ і інш.). На Літургіі замест "Сьвяты Божа…", сьпяваецца "Усе вы, што ў Хрыста ахрысьціліся, у Хрыста апрануліся", на ўспамін аб тым, што ў ранейшыя часы на гэтым месцы адбываўся хрост катэхумэнаў, г. зн. тых, што жадалі прыняць веру Хрыстовую і былі да гэтага належна прыгатаваныя.” І ў нас адбыўся Сьвяты Хрост – Архімандрыт Сяргей ахрысьціў Андрэя і Васіля – віншуем новаахрышчаных.
Архімандыт Сяргей разам з мастакамі з Бярозы - Міхасём Казловічам-праваслаўным і Ігарам Буранкам-грэка-каталіком
Вялікая Субота

Вялікая Субота
Месца былых могілак, дзе магчыма пахаваны айцец Антоній
Гэты дзень, таксама стаў для нас днём асаблівага ўспаміну ўсіх мучанікаў нашай Царквы. У гэты дзень у дворыку нашага Цэнтра мы інсталявалі каванае дрэва, як успамін мучаніцкага подзьвігу Экзарха Антона Неманцэвіча. Дрэва Вясны – так назвалі свой твор маладыя мастакі з Бярозы: Міхась Казловіч-праваслаўны і Ігар Буранка-грэка-каталік. Пасьля урачыстай працэсіі і малітвы за Беларускі народ у падмурак помніка была закладзеная капсула з зямлёй з мейсца пахаваньня Экзарха-мучаніка. Сёньня на мейсцы могілкаў скверык, дзе звычайна выгульваюць сабак, а вечарам моладзь п’е піва... Але мы верым, што Уваскрослы Госпад па заступніцтву Слугі Божага Антона духоўна адродзіць наш народ. ”Загляне сонца і ў наша ваконца” і будзе гэтае Сонца – Хрыстос!

Фота Вячаслава Гарчакова і а. Яна Крэміса

Вярнуцца назад