Вялікапосныя рэкалекцыі ў Менску праходзілі ў два этапы. Першы этап – рэкалекцыі для парафіі Маці Божай Нястомнай Дапамогі і парафіі Сьвятога Духа адбываліся з 26 па 29 сакавіка. Другі этап – рэкалекцыі для нашай парафіі Сьвятога Язэпа і парафіі Сьвятога Міколы Цудатворцы адбываліся ў нашым парафіяльным Цэнтры сьв. Язэпа з 3 па 5 красавіка 2009 года.
Рэкалекцыі для нас праводзіў айцец Васіль Ягораў, душпастыр парафіі Маці Божай Бялыніцкай ў Магілёве. Айцец Васіль засяродзіў увагу на таямніцы Крыжа Гасподняга і асабліва на ажыцяўленьні гэтай таямніцы ў нашым асабістым жыцьці, разважаў пра ”наш” крыж.
Рэкалекцыі пачаліся ў пятніцу Літургіяй Раней Асьвячаных Дароў. Гэта было вельмі сымбалічна, таму што кожную пятніцу мы молімся перад Часьцінкай Пачэснага Крыжа Гасподняга, якая захоўваецца ў капліцы Усіх сьвятых Беларускіх нашага Цэнтра.
Апошні дзень рэкалекцыяў прыпаў на Вербніцу і пасьля Боскай Літургіі Яна Златавуснага сьвятары асьвяцілі вербачкі, зь якімі, мы прыйшлі прывітаць Нашага Госпада Ісуса Хрыста і адзін аднаго.
Дзякуем айцу Васілю – Многія леты!