Парафія сьвятога Язэпа > Навіны > Інтэрв'ю Мітрапаліта Тадэвуша Кандрусевіча для «L'Osservatore Romano»

Інтэрв'ю Мітрапаліта Тадэвуша Кандрусевіча для «L'Osservatore Romano»


27.03.2009.
Інтэрв'ю Мітрапаліта Тадэвуша Кандрусевіча для «L'Osservatore Romano»
Сёлета па ініцыятыве і пры падтрымцы Мітрапаліта Мінска-Магілёўскага арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча быў выдадзены першы пераклад на беларускую мову Дакументаў ІІ Ватыканскага Сабору. 16 сакавіка 2009 г. арцыпастыр асабіста прадставіў гэтую працу Бэнэдыкту XVI у Ватыкане. Прапануем інтэрв’ю Мітрапаліта Тадэвуша Кандрусевіча для ватыканскай газеты «L'Osservatore Romano».

— Ваша Эксцэленцыя, што падштурхнула Вас да распачацця працы па перакладу гэтых дакументаў?

— Вялікая пашана да ІІ Ватыканскага Сабору і да ўсяго таго, што прадстаўляла і прадстаўляе яго вучэнне. Дзякуючы гэтаму Сабору Касцёл прайшоў шлях аднаўлення і развіцця, стаў адкрыты для свету, для іншых рэлігій і канфесій. Я не магу ўявіць паўсядзённае жыццё беларускіх католікаў без гэтых дакументаў. Таму, як толькі я вярнуўся з Масквы, адразу распачаў працу, каб кампенсаваць гэты прабел. Ёсць свае прычыны існавання гэтага прабелу і затрымкі перакладу дакументаў. Калі мы ўваходзілі ў склад Савецкага Саюза, у Касцёле не было біскупаў. Я атрымаў біскупскую сакру ў 1989 г. З гэтага года распачаліся працы: была адчынена духоўная семінарыя, з-за мяжы запрошаны святары. На працягу ўсіх шаснаццаці гадоў, якія я правёў у Маскве, пры мне заўсёды былі Дакументы ІІ Ватыканскага Сабору — каштоўнасць і незаменны арыенцір для кожнага верніка Касцёла.
За тыя гады ў дыяцэзіях, якія я ўзначальваў, у свет выйшла больш за шэсцьсот адзінак рэлігійнай літаратуры. Тое ж я раблю і ў Беларусі, займаючы пасад Мітрапаліта Мінска-Магілёўскага. У мінулым годзе, дзякуючы нашаму выдавецтву «Pro Christo», былі апублікаваны дваццаць пяць выданняў агульным тыражом сто тысяч экзэмпляраў.

— ІІ Ватыканскі Сабор быў Саборам экуменічным, і некаторыя яго дакументы — дастаткова ўзгадаць дэкрэт «Unitatis redintegratio» і дэкларацыю «Nostra aetate» — сталі вехамі для развіцця дыялога паміж рознымі хрысціянскімі супольнасцямі, а таксама хрысціянаў з іншымі рэлігійнымі канфесіямі. У Беларусі хрысціяне складаюць больш за 50% сярод вернікаў розных веравызнанняў. Як успрынялі публікацыю Дакументаў ІІ Ватыканскага Сабору праваслаўныя, якіх большасць у краіне, а таксама чым адзначаюцца іх адносіны з католікамі?

— Экуменічны, а таксама міжрэлігійны дыялог у Беларусі развіваецца вельмі добра. Мы дапамагаем адно аднаму, паміж намі склаліся сталыя адносіны супрацоўніцтва. У 2008 годзе я выступіў на чатырох канферэнцыях, якія былі арганізаваны Праваслаўнай Царквою, а праваслаўныя ў сваю чаргу прымалі ўдзел у нашых пасяджэннях. Мы сутракаемся і молімся разам падчас святаў Божага Нараджэння і Вялікадня. Разам з праваслаўнай і пратэстанцкай супольнасцямі мы распрацавалі сумесную стратэгію барацьбы са СНІДам — хваробай, ахвярамі якой у нашай краіне сталі як мінімум 300 тысяч чалавек.

Што датычыць перакладу на беларускую мову Дакументаў ІІ Ватыканскага Сабору, то я ўжо падарыў некалькі экзэмпляраў праваслаўнаму тэалагічнаму факультэту у Мінску, а таксама збіраюся падарыць праваслаўнай семінарыі. Я маю намер, каб ва ўсіх бібліятэках, не толькі дыяцэзіяльных, але і ў бібліятэках іншых адміністрацыйна-тэрытарыяльных адзінак Беларусі гэтая кніга была даступна як верючым, так і няверуючым. Я маю на ўвазе семінарыстаў, а таксама студэнтаў сталічных універсітэтаў, якія ўвесь час звяртаюцца да нас за кнігамі, неабходнымі ім для даследаванняў і вучобы.

Гэтыя дакументы з’яўляюцца фундаментальнымі для ўсіх: для католікаў, праваслаўных, пратэстантаў. Да Сабору праваслаўныя і пратэстанты былі для нас, католікаў, схізматыкамі, цяпер мы гаворым пра іх, як пра нашых братоў.

— Якая мэта была пастаўлена перад перакладчыкамі?

— Нялёгкая, бо гаворка ішла не пра нейкую механічную працу па перакладу са слоўнікам. Неабходна было лацінскія выразы — усю навізну паслясаборнага лексікону — перакласці на беларускую мову, даючы ім тлумачэнні, нярэдка ствараючы новыя словы і выразы, якіх у беларускай мове да гэтага часу не існавала. Для культуры нашага народа гэта стала вялікім дарам, унікальным багаццем. Дзякуючы гэтаму перакладу мы ўвялі новыя тэрміны для лепшага разумення жыцця і місіі Касцёла. Гэты вынік быў падкрэслены сродкамі інфармацыі, якія ў дзень прэм’ернай прэзентацыі кнігі, што адбылася 14 лютага на міжнароднай кніжнай выставе-кірмашы ў Мінску, удзялілі вялікую ўвагу гэтай падзеі. Заслуга належыць перш за ўсё духоўным асобам, экспертам, беларускім лінгвістам, якія зрабілі магчымым здзяйсненне гэтага праекта.

— Ці дапаможа беларуская версія Дакументаў ІІ Ватыканскага Сабору процістаяць з’яве рэлігійнай абыякавасці, характэрнай для многіх краінаў былога Савецкага Саюза?

— Маю надзею, што так. Я не магу прывесці дакладныя лічбы, але гэтая з’ява датычыць асноўнай часткі насельніцтва. Семдзесят гадоў атэізму немагчыма выкрэсліць адным росчыркам пяра. У тыя часы ў Беларусі было прыкладна паўтара мільёна католікаў і дзейнічала 110 касцёлаў, у якіх працавалі каля 60 святароў сталага ўзросту. Што яны маглі зрабіць? Дзякаваць Богу, вера была захавана і перададзена новым пакаленням дзякуючы ружанцовай малітве, літаніям, народным формам ушанавання Бога. Сёння іншая сітуацыя, аднак мінулае ўсё яшчэ прыгнятае нас. Сёння перад намі стаяць іншыя выклікі — секулярызм, маральны рэлятывізм, — якія зводзяць народ, асабліва моладзь, у іншых накірунках.

Паводле матэрыялаў «L'Osservatore Romano», catholic.by

Вярнуцца назад