Парафія сьвятога Язэпа > Навіны > Прызначэньне ўладыкі Васіля (Мэдвіта)

Прызначэньне ўладыкі Васіля (Мэдвіта)


18.03.2009.
Прызначэньне ўладыкі Васіля (Мэдвіта)
17 сакавіка 2009 г. на афіцыйнай інтэрнэт-старонцы Апостальскага Пасаду было павядомлена пра рашэньне Вярхоўнага Архібіскупа Украінскай Грэка-Каталіцкай Царквы Любаміра (Гузара) у згодзе з Сінодам Біскупаў УГКЦ аб прызначэньні ўладыкі Васіля (Мэдвіта) дапаможным біскупам Данецка-Харкаўскага Экзархату (Усходняя Украіна).

Уладыка Васіль нарадзіўся ў 1949 г. у Пярэмышлі. У 1978 г. уступіў да Ордэну базыльянаў, дзе ў 1984 г. склаў вечныя шлюбы. З 1984 па 1986 ён быў Віцэ-Рэктарам Украінскай Папскай Калегіі сьв. Язафата ў Рыме і студыяваў тэалогію духоўнасьці ў Teresianum. З 1986 па 1989 быў парахам грэка-каталіцкай парафіі ў Венгажэва (Węgorzewo) ў Польшчы, выконваючы адначасова функцыі мясцовага ігумена айцоў базільянаў. У 1989 г. быў пастаўлены протаігуменам базыльянаў у Польшчы і заставаўся ў гэтым служэньні да 1994 г.

12 ліпеня 1994 г. ён атрымаў біскупскую хіратонію ў Львове і да 1997 г. быў дапаможным біскупам Львоўскай архіепархіі. У 1997 г. Сінодам біскупаў УГКЦ быў прызначаны Экзархам Кіева-Вышгарадскага экзархату з рэзідэнцыяй у Кіеве. Гэтае служэньне ён выконваў да пераносу ў Кіеў рэзідэнцыі главы УГКЦ. З 2001 па 2005 гг. быў сакратаром Сіноду Біскупаў УГКЦ.

З кастрычніка 1996 да кастрычніка 2002 дадаткова выконваў функцыю Апостальскага Візітатара для украінцаў грэка-каталікоў у Цэнтральнай Азіі.

Сам уладыка Васіль так пракаментаваў сваё прызначэньне: “Я заўсёды хацеў выконваць сваё біскупскае служэньне на тэрыторыях Усходняй Украіны. Таму, калі пасьля майго лекаваньня, з Божай дапамогай, я змог павярнуцца да паўнацэннага служэньня, то прасіў наш (украінскі) Сінод прызначыць мне заданьне менавіта ў гэтай частцы Украіны”.

Жадаем Ўладыке Васілю ў гэтым служэньні Божага Блаславеньня і шматлікіх пладоў.


Вярнуцца назад