Парафія сьвятога Язэпа > Навіны > Сьвята-Ўсьпенскай Уніўскай Лаўры нададзены статус стаўрапігіі
Сьвята-Ўсьпенскай Уніўскай Лаўры нададзены статус стаўрапігіі12.05.2008. |
Сёлета спаўняецца 110 гадоў з дня аднаўленьня студыцкага манаства ва Ўкраіне. З гэтай нагоды 3 траўня 2008 г. у канферэнц-залі Львоўскага палаца мастацтваў прайшла навуковая канферэнцыя, прысьвечаная памяці архімандрыта Кліменція Шаптыцкага.
У нядзелю, 4 траўня ў Уніве падчас Архіярэйскай Літургіі Патрыярх УГКЦ кардынал Любамір Гузар прачытаў Дэкрэт, згодна з якім Свята-Ўспенскай Уніўскай Лаўры Студыйскага Уставу рашэньнем Вярхоўнага Архібіскупа і пастановай Сіноду біскупаў УГКЦ ад 25-26 студзеня 2008 г. нададзены статус стаўрапігіі (*). Пасля Літургіі адбылася цырымонія асьвячэньня памятнай дошкі ў гонар блаславёнага архімандрыта Кліменція Шаптыцкага і агляд выставы фатаздымкаў, прысьвечаных гісторыі Лаўры. Апостальскага Візітатара Беларускай Грэка-Каталіцкай Царквы на цырымоніі наданьня Уніўскай Лаўры статусу стаўрапігіі прадстаўляла схіманахіня Вікторыя (Чэкан). (*) Стаўрапігія ў традыцыі Ўсходняй Царквы – гэта асаблівы статус, які надаецца манастырам, лаўрам і брацтвам, паводле якога яны не падлягаюць уладзе мясцовага біскупа, а знаходзяцца ў прамым падпарадкаванні кіраўніку мясцовай Царквы альбо яе Сіноду. Гістарычная даведка: У архіўных дакументах пачатку XIV ст. Уніў згадваецца як вядомы духоўны цэнтр Галіцыі. Сьпецыяльнай граматай ад 30 ліпеня 1542 г. польскі кароль узаконіў статус Уніўскай архімандрыі, маёмасьць і права выбару архімандрыта заставалася выключна за манахамі. Прыкладна ў гэты ж час пачаліся спусташальныя паходы татарскіх ордаў на ўкраінскія землі. Сярод пісьмовых крыніцаў ёсьць зьвесткі пра тое, што ў 1549 г. ,,манастыр татары спалілі”. Пасля татарскага нашэсьця ігуменам манастыра стаў Аляксандр Ванько Лагадоўскі (апекаваўся манастыром да 1574 г.). Старое паданьне распавядае пра тое, як, занядужыўшаму на хваробу ног шляхцічу Лагадоўскаму зьявілася ў сне Багародзіца. Яна ўказала яму на месца, дзе ён можа ацаліцца. Гэта была крыніца, якая струменіла каля зруйнаванага манастыра. Цудоўным чынам аздаравіўшыся, шляхціч адраджае храм і манастыр. Гэтая ўнікальная царква і манаскія кельлі зьберагліся да нашых дзён. Сёньня Сьвята-Ўсьпенскую Уніўскую Лаўру наведваюць тысячы пілігрымаў. Яны прыходзяць да гэтай духоўнай крыніцы Божай ласкі з верай і надзеяй, прыносячы Госпаду шчырыя малітвы аб дапамозе і заступніцтве Багародзіцы. З асаблівай любоўю вернікі шануюць Уніўскі цудатворны абраз Найсьвяцейшай Багародзіцы, які вядомы шматлікімі цудамі. Галоўныя пілігрымкі ў Лаўру адбываюцца два разы на год: на сьвята Уніўскага цудатворнага абраза Найсьвяцейшай Багародзіцы ў трэцюю нядзелю траўня і на сьвята Усьпеньня Найсьвяцейшай Багародзіцы (28 жніўня). Вярнуцца назад |