Парафія сьвятога Язэпа > Навіны > Сімбіёз паміж Евангельлем і культурай
Сімбіёз паміж Евангельлем і культурай10.03.2009. |
![]() Пра неабходны сімбіёз паміж Евангельлем і культурай у сучаснай місіі Беларускай Грэка-Каталіцкай Царквы гаварыў Апостальскі Візітатар БГКЦ Архімандрыт Сяргей (Гаек) на Міжнародным Сімпозіуме ”Місія Ўсходніх Каталіцкіх Цэркваў у жыцьці Паўсюднай Царквы ды ў сучасным сьвеце”, які праходзіў 4-6 сакавіка 2009 г. у Міжнародным Інстытуце вывучэньня сужэнства і сям’і (ІТІ) у аўстрыйскім горадзе Гамінг. * * * * * ![]() У логатып Сімпозіуму была ўпісана выява фрэскі сьвятамучаніка Язафата Полацкага з візантыйскай капліцы ў Гамінгу. ![]() Пачаўся Сімпозіум у сераду 4 сакавіка 2009 г. вечарам Літургіяй раней асьвячаных Дароў. * * * * * ![]() У склад дэлегацыі Беларускай Грэка-Каталіцкай Царквы ўваходзілі Апостальскі Візітатар Архім. Сяргей (Гаек), канцлер курыі Апостальскага Візітатара ў Менску протапрэзьбітар Андрэй Абламейка і студэнт Тэалагічнага факультэта Каталіцкага Ўніверсітэту ў Айштэце (Нямеччына) Аляксандр Аўдзеюк. ![]() ”Беларуская Грэка-Каталіцкая Царква бачыць сваю важную місію ў пашырэньні беларускай хрысьціянскай культуры. Апраўленьне службаў на беларускай мове мае для нас не філалагічнае вымярэньне, але зьяўляецца зьдзяйсьненьнем неабходнага для евангелізацыі сімбіёзу паміж Евангельлем і культурай на землях, дзе родная мова і культура былі моцна зьнішчаны. Зразумела, што інкультурацыя Евангельля і евангелізацыя культуры адбываецца ў шматлікіх сферах душпастырскага служэньня Беларускай Грэка-Каталіцкай Царквы, у Беларусі і за мяжой”. ![]() ”Беларусы грэка-католікі за мяжой давераныя апецы Апостальскага Візітатара для беларусаў замежжа мітрафорнага протаярэя Аляксандра Надсана, які жыве ў Беларускай Місіі ў Лондане. Дапамагаюць яму ў працы тры сьвятары ў розных краінах. Папярэднікамі а. Аляксандра Надсана на пасадзе Апостальскага Візітатара для Беларусаў замежжа былі два грэка-каталіцкія біскупы: біскуп Чэслаў Сіповіч (1960-1981 гг.) і біскуп Уладзімір Тарасевіч (1983-1986 гг.). Былі гэта адзіныя беларускія грэка-каталіцкія біскупы ад часу скасаваньня Уніі на так званым "саборы" у Полацку ў 1839 г. Беларуская Місіія ў Лондане, а асабліва а. Аляксандр Надсан, мае вялікія заслугі ў перакладзе візантыйскіх літургічных тэкстаў на сучасную беларускую мову”. Архімандрыт Сяргей гаварыў, таксама, пра сумную дату 170 год гвалтоўнага спыненьня дзейнасьці Уніяцкай Царквы на гэтак званым ”саборы” ў Полацку ў 1839 г. Урывак з тэксту Далей узгадана пра аднаўленьне душпастырскай дзейнасьці грэка-каталіцкіх парафіяў у Беларусі ў 1990 г. ”Канец 80-х гг. мінулага стагоддзя на Беларусі характарызаваўся ростам зацікаўленасьці Ўніяцкай Царквой сярод студэнтаў і інтэлігенцыі Менска і іншых гарадоў Беларусі. Рух за адраджэньне Ўніяцкай Царквы ўзмоцніўся ў 1990 г. пасьля візіту ў Менск Апостальскага Візітатара для беларусаў замежжа мітрафорнага протаярэя Аляксандра Надсана. Дзень 11 сакавіка 1990 г., калі а. Аляксандр Надсан адслужыў у Мінску Боскую Літургію на беларускай мове, можа быць прызнаны за дату аднаўленьня душпастырскай дзейнасьці грэка-каталіцкіх парафіяў у Беларусі”. Напрыканцы Архімандрыт падкрэсьліў, што духоўная місія БГКЦ ў вобласьці інкультурацыі Евангельля і евангелізацыя культуры магчыма дзякуючы падтрымцы Цэркваў-сёстраў, гэта значыць грэка-каталіцкіх Цэркваў ва Ўкраіне (у тым ліку ў Закарпацьці), у Польшчы, у Славакіі. Таксама важнай ёсьць дапамога, якую для працягу сваёй місіі БГКЦ атрымлівае ад Царквы лацінскага абраду ў Беларусі і ў Заходняй Эўропе. Я.З. Фота Клаўдзія Генцлер ”Беларуская Грэка-Каталіцкая Царква зьяўляецца непасрэднай спадкаемцай Берасьцейскай Уніі, якая была заключана паміж епіскапамі Рускай Царквы (Ecclesia Ruthena) і Рымскай Апостальскай Сталіцай. Усходняя Царква, якая на ўнійным Сінодзе ў Берасьці аднавіла сваю еднасьць з Рымам, у гісторыю Беларускіх Земляў федэратыйнага дзяржаўнага арганізма называнага Рэччу Паспалітай (Res pubblica Polono-Lithuana) упісалася пад назвай Уніяцкая. У нашым Царкоўным календары дата 16 кастрычніка штогод адзначаецца як успамін унійнага Сіноду ў Берасьці 1596 году. Але некалькі дзён таму, 24 лютага 2009 г., мінула 170 гадоў ад так званага "сабору" у Полацку ў 1839 г., на якім уніяцкі біскуп літоўскай епархіі Іосіф Сямашка і ягоныя паплечнікі – пад націскам царскіх уладаў – абвясьцілі "аб'яднаньне” (воссоединение) Уніяцкай Царквы на Беларускіх Землях з дзяржаўнай Царквой Расійскай Імперыі (якая называлася ”православно-кафолическая Церковь”). 25 сакавіка 1839 г. цар Мікалай І і Сінод Расійскай Праваслаўнай Царквы падцьвердзілі ліквідацыю Ўніяцкай Царквы. Толькі пасля заканчэньня І Сусьветнай вайны Ўсходняя Каталіцкая Царква візантыйска-славянскага абраду змагла адрадзіцца ў Заходняй Беларусі, землі якой заставаліся пад панаваньнем Польшчы. На гэтых тэрыторыях у міжваенны час існавала амаль 30 парафіяў, якія засталіся ў юрысдыкцыі мясцовых лацінскіх біскупаў (Вільня, Пінск). На пачатку ІІ Сусьветнай вайны, у верасьні 1939 г., тэрыторыя Заходняй Беларусі была далучана да Савецкага Саюзу і большасьць грэка-каталіцкіх парафіяў была ліквідавана. Львоўскі мітрапаліт Украінскай Грэка-Каталіцкай Царквы Андрэй Шаптыцкі прызначыў у той час (1940) Экзарха для Беларусі а. Антона Неманцэвіча S. J. Экзарх Антон неўзабаве ў 1942 г. быў арыштаваны нацысцкім SD і ў 1943 г. загінуў мучаніцкай смерцю ў Менску. Вярнуцца назад |