Парафія сьвятога Язэпа > Навіны > У Беларускай Рэдакцыі Радыё Ватыкан прайшла прэзэнтацыя ”Лістаў да Тыматэя” у перакладзе а. Пятра Татарыновіча

У Беларускай Рэдакцыі Радыё Ватыкан прайшла прэзэнтацыя ”Лістаў да Тыматэя” у перакладзе а. Пятра Татарыновіча


3.03.2009.
Вокладка кніжкі
”Чытаць Слова Божае на роднай мове” – такі быў дэвіз спатканьня ў офісе Беларускай Праграмы Радыё Ватыкан, у рамках якога прайшла прэзэнтацыя кніжкі ”Лісты да Тыматэя” у перакладзе а. Пятра Татарыновіча. Сустрэча, якую вёў кіраўнік Беларускай Праграмы Радыё Ватыкан а. Клаўдзій Робінэ, адбылася неўзабаве пасьля 30-х угодкаў сьмерці перакладчыка, якія прыпалі на 3 верасьня 2008 г.

Найперш было сказана некалькі словаў пра самога пралата (монсіньёра) Пятра Татарыновіча. Быў зачытаны фрагмэнт уводзінаў Рэдакцыі грэка-каталіцкай газэты ЦАРКВА да артыкула Алеся Аўдзеюка пра а. Пятра Татарыновіча (гл. ЦАРКВА, № 4 – 2008, с. 14, гл. таксама лінк на сайт газэта ЦАРКВА: http://carkva-gazeta.org/data/59/index.php?id=22).

3-я старонка кніжкі
На думку ўдзельнікаў, сапраўды : ”Імя беларускага каталіцкага сьвятара лацінскага абраду Пятра Татарыновіча, на жаль, ужо даволі добра падзабытае, а часам і ўвогуле нячутае новым пакаленьнем беларусаў, тым больш што частку свайго жыцьця (пасьля вайны) аж да сьмерці ён правёў па-за межамі Бацькаўшчыны. Аднак адметная постаць гэтага выдатнага сьвятара і беларуса вартая, каб быць належна ўшанаванай на роднай Бацькаўшчыне, каб яго імя заняло сваё годнае месца ў шэрагах патрыётаў Беларусі”.

3-я старонка кніжкі
Паводле сьведчаньняў суразмоўцаў, а. Пётр Татарыновіч быў глыбока перакананы, што немагчыма адраджэньне беларускага народу, калі ня будзе духоўнага адраджэньня людзей. Таму ён выбраў шлях сьвятара і стаў служыць Богу і Беларусі ня толькі на словах, але і ўсім сваім жыцьцём.

а. Пётр Татарыновіч
У гэтым кантэксьце было адзначана, што Беларуская Праграма Радыё Ватыкан з радасьцю прадставіла свой патранат для выданьня ў Беларусі "Лістоў Апостала Паўла да Тыматэя" ў беларускім перакладзе монсіньёра Пятра Татарыновіча, заснавальніка і першага дырэктара Праграмы. Гэтае выданьне – у Годзе Апостала Паўла – гэта знак ушанаваньня душпастырскай руплівасьці і жаданьня монс. Пятра абвяшчаць Слова Божае сваім суайчыньнікам на роднай мове.

У свой час плёнам гэтай руплівасьці былі выдадзеныя лацінкай – з дазволу Царкоўных Уладаў – у Беларускім Рэлігійным Выдавецтве "Зьніч" у Рыме (Roma, v. Trionfale 6415) беларускія пераклады выбраных кнігаў Новага Запавету: "Сьвятая Эванэлія і Апостальскія Дзеі" (Рым 1954) ды "Лісты сьвятых Апосталаў" (Рым 1974). Яшчэ раней яны друкаваліся як дадатак да часопісу "Зьніч".

а. Пётр Татарыновіч
Пасьля амаль 35 гадоў два Лісты Апостала Паўла да Тыматэя, узятыя з "Лістоў сьвятых Апосталаў", былі выдадзеныя ўпершыню ў Беларусі ў кірылічнай транслітэрацыі.

Ідэю рымскіх прыяцеляў монсіньёра Пятра адзначыць 30-я ўгодкі ягонае сьмерці прынялі найперш скаўткі з грэка-каталіцкай парафіі Праведнага Язэпа ў Менску, якія зрабілі транслітэрацыю з лацінкі на класічны кірылічны правапіс (т. зв. тарашкевіцу). Беларуская кірылічная транслітэрацыя захоўвае лексіку ды стыль монс. Пятра Татарыновіча (напрыклад, слова Эклезія на азначэньне Царквы) і т. п.

Кіраўнік Беларускай Праграмы Радыё Ватыкан а. Клаўдзій Робінэ
Выдавецкі камітэт ”САФІЯ” пры грэка-каталіцкай парафіі сьвятапакутніка Язафата ў Полацку ўзяўся за выдавецкую працу. Але не было б гэтага выданьня без ахвярнай каардынацыйнай працы спадара Яўгена Андросіка з Менску.

Малая кніжка (малы фармат 60 x 84 mm, 56 старонак) была падрыхтавана да друку 3 верасьня 2008 году – у 30-я ўгодкі сьмерці монсіньёра Пятра, але надрукаваная была ў апошнія дні сьнежня мінулага году.

Супрацоўнікі Рэдакцыі Беларускай Праграмы
На заканчэньне сустрэчы а. Клаўдзій Робінэ, кіраўнік Беларускай Праграмы Радыё Ватыкан, падкрэсьліў, што выданьне ў Беларусі - у 30-я угодкі сьмерці Перакладчыка - "Лістоў да Тымытэя" не зьяўляецца толькі падзеяй культурнага плану.

”Гэтае выданьне накіраванае галоўным чынам да беларускай моладзі - у Беларусі і Замежжы - і хоча данесьці да іх плод апостальскай працы выдатнага беларускага каталіцкага сьвятара ды заахвоціць беларускую моладзь чытаць Слова Божае на роднай мове”.

Вярнуцца назад