Парафія сьвятога Язэпа > Казаньні і гаміліі > Хрыстос і Закхей
Хрыстос і Закхей24.01.2009. |
|
Лк 19.1-10 У імя Айца і Сына і Сьвятога Духа. Мінае пакрысе сьвяточны калядны час, і Царква пачынае духоўную падрыхтоўку да Вялікага Посту. У нядзелю пасля Богазьяўленьня мы чулі заклік Хрыста да навяртаньня, у мінулую нядзелю хананеянкі разважалі пра першы крок да свайго перамяненьня – паглядзець на сваё жыцьцё шчыра і праўдзіва. Сёньня мы чуем пра адно поўнае навяртаньне багатага мытніка Закхея. Бачым цудоўны прыклад сумеснага дзеяньня Госпада і чалавека. Ісус Хрыстос не ўрываецца ў жыццё Закхея гвалтоўна і зьнянацку. Евангельле кажа, што мытнік хацеў пабачыць “хто такі Ісус” – значыцца, ужо чуў пра Настаўніка з Галілеі і ягоную пропаведзь. І Закхей робіць рашучы крок насустрач – нягледзячы на цяжкасьці, робіць усё, каб бачыць Хрыста. Госпад Ісус заахвочвае Закхея яшчэ болей – прыходзіць на гасьціну ў яго хату. Такая блізкасьць Хрыста чыніць сапраўднае навяртаньне, дакладней, робіць яго плодным. Менавіта, гэтая плоднасьць сьведчыць пра тое, што навяртаньне і “збаўленьне дому Закхея” адбылося. Ці выяўляем мы ў нашым хрысьціянскім жыцьці настойлівасьць і ўпартасьць у пошуках і наследаваньні Хрыста? Нават на пабытовым (дакладней – пачатковым) узроўні – наведваньні царквы ў нядзелю (хоць да яе не 20 км пешшу)? Ці шчыра хочам пазбавіцца таго, што замінае нам “стаць вышэй”? Чаму тады зьдзіўляемся з “адсутнасьці” Хрыста ў нашым жыцьці… Мы самі хаваемся ад Яго за натоўпам, каб не прыйшоў да нас, бо тады пэўна прыдзецца штосьці кардынальна зьмяніць у сваім звычным і ўтульным дамку. А Хрыстос ідзе да тых, хто не зачыняецца ў сваім эгаізме… Вярнуцца назад |