Парафія сьвятога Язэпа > Казаньні і гаміліі > Казань на Вячэрні з Літургіяй сьв. Васіля Вялікага ў навячэрніцу Хросту Гасподняга
Казань на Вячэрні з Літургіяй сьв. Васіля Вялікага ў навячэрніцу Хросту Гасподняга5.01.2009. |
|
(1 Цар. 18, 30-39). Мы сабраліся ў гэты вечар у храме, ў навячэрніцу Хросту Гасподняга, каб прынесьці Богу вечаровую “ахвяру хвалы”, падзяку за ягоныя дзіўныя чыны. Сярод яскравых момантаў Старога Запавету, якія мы чулі пад час чытаньня парэміяў, ёсьць адзін, на якім бы хацелася трохі даўжэй спыніць нашую ўвагу. Ён распавядае пра цёмны перыяд гісторыі Ізраіля. На чале паўночнага царства стаіць Ахаў, які разам з царыцай Езавельлю, дачкой сыдонскага цара, нішчаць веру ў Адзінага Бога, пакланяюцца Ваалу. Пасіўны і баязьлівы народ, як гэта часта бывае, ідзе за сваім царом. Толькі Ільля Тэсьвіцянін, прарок Гасподні, гатовы выступіць у абарону праўдзівае веры Ізраіля. “Дакуль будзеце кульгаць на абедзьве нагі? Калі Госпад ёсьць Бог, ідзіце за Ім; калі ж гэта Ваал, ідзіце за ім”, - кажа Ільля да народу на гары Кармель (1 Цар. 18, 21). Але народ, у прысутнасьці цара і соцень прарокаў Ваала, не адказвае нічога. Застаецца толькі адна магчымасьць, той хто ёсьць праўдзівым Богам, Ваал або Госпад Ізраіля, сам мусіць паказаць сваю сілу. З раніцы аж да вечара, 450 прарокаў Ваала, клічуць імя свайго бога, таньчаць, бяснуюцца і раняць сябе мечамі і дзідамі. “Але не было ані голасу, ані адказу, ані гуку”(1 Цар. 18, 29). Тады Ільля Тэсьвіцянін аднаўляе, зьнішчаны раней, ахвярнік Гасподні, ускладае на яго дровы і ахвярнае цяля, загадвае ліць зьверху ваду, так што роў вакол ахвярніка напаўняецца даверху. “ І калі ўжо настаў час прыносіць вечаровую ахвяру, прыступіў прарок Ільля і прамовіў: “Госпадзе, Божа Аўраама, Ісаака і Ізраіля! Пакажы сёньня, што Ты – Бог у Ізраілі […] Пачуй мяне, Госпадзе, пачуй мяне, каб гэты народ зразумеў, што Ты – Бог”[…] І зышоў вагонь Гасподні зь неба, і пажэр усепаленьне, дровы, каменьне й порах, і ваду высушыў, што была ў рове. І ўвесь народ, пабачыўшы гэта, паў ніцма на зямлю і прамовіў: “Госпад ёсьць Бог! Госпад ёсьць Бог!” (1 Цар. 18, 36-39). Сёньня, калі мы сьвяткуем Хрост Гасподні, чуем ўжо словы Новага Запавету. Голас прарока, апранутага ў вопратку Ільлі, зноў гучыць над водамі. Ян Прадвесьнік кліча народ да пакаяньня, для таго каб Ізраіль змог зрабіць правільны выбар перад абліччам ідучага Месіí. Але голас Яна не застаецца самотным… Бо калі у ваду Ярдана уваходзіць Той, каго прадвяшчалі Закон і Прарокі, “Свет во откровеніе языков” і “Слава Ізраіля”, Ян бачыць разчыненыя нябёсы, Сьвяты Дух, які ў выглядзе голуба спачывае на Месіі і чуе голас Айца: “Ты Сын мой улюблены, Цябе упадабаў Я” (Лк. 3,22). Слава спрадвечнага Бога адкрываецца ў асобе Ісуса з Назарэту. І мы, сьвяткуючы Хросту Гасподняга, не як “чужынцы або прыхадні, але як суграмадзяне і бліжнія Божыя”, таксама молімся і чакаем на “зьяўленьне” Божае Славы. Сабраўшыся “над водамі”, гэта значыць каля вады, для якой неўзабаве будзем будзем прасіць дару ачышчэньня і блаславеньня Духам Сьвятым, давайце успомнім купель у якой прынялі хрост, успомнім нашыя хрышчальныя абяцаньні і Запавет з Богам, у які ўступілі. Браты і сёстры! Досыць і нам “кульгаць на абедзьве нагі”, давайце заўсёды і ва ўсім рабіць выбар на карысьць Хрыста, жыць перад Богам паводле тых словаў, якія казалі перад Ягоным абліччам і перад абліччам адзін аднаго. І як Госпад не адкінуў веру і малітву аднаго прарока, так хай выслухае сёньня свой народ, і пакажа нам Славу Сваю. Амін. Вярнуцца назад |