Парафія сьвятога Язэпа > Навіны > Парафіяльнае сьвята

Парафіяльнае сьвята


30.12.2008.
Парафіяльнае сьвята
Хрыстос нарадзіўся! Яго славім!


Сёлета, мы сьвяткавалі ўспамін нашага заступніка, сьвятога Язэпа, аж два дні, да таго ж упершыню ў сваім Душпастырскім цэнтры.

У першы дзень Перадсьвяцьця, Боскую Літургію ўзначаліў Высокадастойны арцыбіскуп Марцін Відавіч, Апостальскі нунцый у Беларусі ў саслужэньні з нашым Уладыкам архімандрытам Сяргеем Гаекам, Апостальскім візітатарам для грэка-католікаў Беларусі. Акрамя таго служылі айцы: ксёндз Ігар Лашук, дэкан Серабранкаўскага рыма-каталіцкага дэканату, протапразьбітар Зьміцер Грышан, дэкан Усходняга грэка-каталіцкага дэканату, айцец Пахом Кавалёў, душпастыр парафіі Сьвятога Духа, айцец Яўген Усошын, душпастыр парафіі сьвятога Міколы Цудатворцы і наш пробашч протапразьбітар Андрэй Абламейка. Літургічная абслуга была на вышыні: панамары і семінарысты спраўляліся і з кадзілам і з чытаньнем Апостала і з дапамогай Уладыкам. Міжпарафіяльны маладзёвы хор “Прасфара” пад кіраўніцтвам рэгента Марысі Янушкевіч сваімі анёльскімі галасамі стварылі малітоўную атмасфэру. Сярод пачэсных гасьцей прысутнічалі Жогла Алег Міхайлавіч, Глава адміністрацыі Заводскага раёна, Рабіцава Ала Мікалаеўна, начальнік аддзела па справах рэлігіі і нацыянальнасьцяў Мінгарвыканкама, Бараноўская Людміла Мікалаеўна, намесьнік Главы адміністрацыі Заводскага раёна. Пасьля Літургіі хлопцы з фальклёрнага гурта “Рада” дадалі урачыстасьці нашаму сьвяту і засьпявалі калядкі. Такім быў першы дзень.

Парафіяльнае сьвята
Другі дзень Сьвята, мы пачалі Акафістам Праведнаму Язэпу абручніку Найсьвяцейшай Дзевы Марыі, і пасьля Боскую Літургію адслужыў наш пробашч а. Андрэй Абламейка. Ён з асаблівай падзякай Праведнаму Язэпу ўспомніў першага пробашча нашай парафіі айца Яна Матусевіча і ўсіх нашых парафіянаў, якія адышлі да Госпада, а таксама маліўся за ўсіх “дабрачынцаў гэтай сьвятой царквы, за тых, што прыносяць дары, працуюць і сьпяваюць у ёй, і за ўсіх прысутных людзей, якія чакаюць, за заступніцтвам сьвятога Язэпа, ад Госпада багацьця Ягонага зьмілаваньня”. Сёлета для нас гэта падвойная ўрачыстасьць – у гэтым годзе спаўняецца 10 гадоў служэньня айца Андрэя і Сьвятланы Абламейкаў у нашай парафіі, як бацюшкі і матушкі. Напрыканцы Літургіі было выказана шмат цёплых словаў удзячнасьці для айца Андрэя і матушкі Сьвятланы.

НА МНОГІЯ ЛЕТЫ!

А пасьля ў працяг сьвяткаваньняў усе былі запрошаныя на братэрскую агапу, канцэрт і танцы, якія наладзіў для нас фальклорны гурт “Рада”.

Усіх нашых парафіянаў, і асабліва пробашча а. Андрэя і ўсю ягоную сям’ю, яшчэ раз віншуем са сьвятам Раства Хрыстовага і зычым Божага блаславеньня, радасьці і супакою!

Больш фота глядзіце ў нашай фотагалерэі.

Вярнуцца назад