Парафія сьвятога Язэпа > Навіны > Дні памяці і малітвы за Беларусь і беларусаў у Італіі

Дні памяці і малітвы за Беларусь і беларусаў у Італіі


24.12.2008.
Дні памяці і малітвы за Беларусь і беларусаў у Італіі
19 сьнежня 2008 г. прайшло 6 месяцаў ад моманту Сустрэчы Дзяржсакратара Яго Сьвятасьці Папы Бенядыкта XVI, Кардынала Тарчызіё Бэртонэ, з Супольнасьцю Беларускай Грэка-Каталіцкай Царквы ў нашым Душпастырскім Цэнтры сьвятога Язэпа.

У духу падзякі за гэтую вялікую падзею Апостальскі Візітатар БГКЦ Архімандрыт Сяргей (Гаек) зьдзейсьніў кароткую пілігрымку у Рым.

18 сьнежня 2008 г. ён маліўся ў Базыліцы сьв. Пятра ў Ватыкане, пры мошчах сьвятога Вярхоўнага Апостала Пятра, пры мошчах сьв. Сьвятамучаніка Язафата Полацкага і пры магіле Слугі Божага Папы Яна Паўла ІІ-га. У той жа дзень Апостальскі Візітатар меў сустрэчу з Кіраўніцтвам Кангрэгацыі Ўсходніх Цэркваў у Ватыкане.

Дні памяці і малітвы за Беларусь і беларусаў у Італіі
Акрамя таго 19 сьнежня 2008 г. Архімандрыт быў госьцем каталіцкай Супольнасьці SHALOM, у мястэчку Рыва дэль Гарда (у правінцыі Трэнта), вядомай сваёй салідарнасьцю з людзьмі і Цэрквамі ў патрэбе. У духу удзячнасьці Архімандрыт узначаліў малітву за італьянскія сем’і, якія прыймаюць беларускіх дзяцей на аздараўленьне. Асабліва каштоўнай была малітва моладзі Супольнасьці SHALOM за моладзь БГКЦ.

Дні памяці і малітвы за Беларусь і беларусаў у Італіі
У нядзелю 21 сьнежня Архімандрыт узначаліў Боскую Літургію у царкве сьв. Антонія Вялікага (пры калегіі Russicum) ў Рыме. У гэтай Літургіі, зь ініцыятывы супрацоўнікаў Беларускай Праграмы Ватыканскага Радыё былі ўзгаданыя памерлыя “рымскія” беларусы, што спрычыніліся да разьвіцьця Radio Vaticana: Біскуп Чэслаў Сіповіч, пралат Пётр Татарыновіч, архімандрыт Леў Гарошка і а. Робэрт Тамушанскі. Былі ўзгаданыя таксама а. Язэп Германовіч – з нагоды 30-х угодкаў ягонай сьмерці і Экзарх Антон Неманцэвіч – з нагоды 65-х угодкаў ягонай мучаніцкай сьмерці.

Дні памяці і малітвы за Беларусь і беларусаў у Італіі
Пасьля Літургіі Архімандрыт Сяргей, а. Клаўдзій Рабінэ (кіраўнік Беларускай Праграмы Radio Vaticana) і ераманах Лявонці (Тумоўскі) адслужылі Паніхіду за узгаданых “рымскіх” беларусаў.

Дні памяці і малітвы за Беларусь і беларусаў у Італіі
На гэтай Службе прысутнічалі таксама сп. Янка Мойсік (намесьнік кіраўніка Беларускай Праграмы Radio Vaticana) і семінарыст БГКЦ ў Рыме Андрэй Гайдукевіч, а таксама сп. Марыя Пяцюкевіч, якая верна даглядае за магілай пралата Пятра Татарыновіча.

Вярнуцца назад