Парафія сьвятога Язэпа > Казаньні і гаміліі > Слова на Літургіі сьв. Васіля Вялікага ў навячэрніцу Раства Хрыстовага

Слова на Літургіі сьв. Васіля Вялікага ў навячэрніцу Раства Хрыстовага


24.12.2008.
(Іс. 7, 10-15; 8, 1-4, 9-10).

Сярод парэміяў, якія мы чуем напярэдадні сьвяткаваньня Раства Госпада нашага Ісуса Хрыста, ёсьць адно прароцтва Ісаі, у якім аўтар прыводзіць словы, сказаные Госпадам да прарока. Гэтыя словы сказаны Госпадам у адзін з крытычных момантаў гісторыі паўднёвага ізраільскага царства - Юдэі: Рэцын, цар сірыйскі і Пеках, цар ізраільскі, прыходзяць з войскам, каб захапіць Ерусалім. “Як абвешчана дому Давіда [пра небясьпеку], сэрца цара і народа затрымцела, як трымціць ад ветру дрэва ў дубраве”(Іс. 7,2). Але крытычнасьць гэтага моманту ня толькі ў тым, што ворагі ў чарговы раз сабраліся ўзброеным напоўпам каля сьценаў Ерусаліму, але і ў тым, што народ зноў і зноў не жадае слухаць голасу Божага. “Слухайце добра, але не зразумейце! Глядзіце добра, але не пабачце! Зрабі закамянелым сэрца гэтага люду, затулі вушы ягоныя, зачыні ягоныя вочы, каб не пабачыў сваімі вачыма, каб не пачуў вушамі сваімі, каб сэрца яго не зразумела” (Іс. 6,9-10). З аднаго боку, рэальнасьць надыходзячай катастрофы, з іншага, няздольнасьць і нежаданьне народа зьмірыцца перад Богам, які укладае свае словы у вусны аднаго з саміх юдэяў. Голас прарока, бязьсілага зьмяніць гэту сітуацыю, у чарговы раз, ёсьць “голасам гукаючага сярод пустэлі”. Хіба можа Ісая, бачачы Славу Бога, Які прамаўляе да яго, і непаслухмянасьць выбранага народа, які няўхільна набліжаецца да катастрофы, знайсьці нейкія уласныя словы? “Я чалавек з нячыстымі вуснамі, і жыву сярод народа з нячыстымі вуснамі” (Іс. 6,5).

І вось тады Бог Ізраіля сам дае знак свайму народу. “Вось Дзева прыме ва ўлоньне і народзіць Сына, і дасі яму імя Эмануіл”(Іс.7,14). Вось гэтае абяцаньне непасрэднае Божае дзеі, нараджэньня Хрыста – Месíі, які збавіць свой люд, адразу “здымае” і пытаньне няпослуху Ізраіля і пытаньне бясьсільля прарока і трагічнасьць зьнешней, скажам так, палітычнай сітуацыі. Усе гэтыя “чалавечыя фактары”, таксама як і цьмянасьць біблійнага тэксту, які распавядае пра шматлікія іншыя складаныя дэталі, адразу блекнуць перад рэальнасьцю прышэсьця на зямлю Сына Божага, перад радасьцю весткі што “З намі Бог!” І гэта хрысьціянская радасьць і вера у прышэсьце Гасподняе гучыць да сёньня як прароцтва на тле неразьвязных грамадзкіх і асабістых праблемаў. Як сапраўднае вар´яцтва для гэтага сьвету, але як радасьць і надзея для ўсіх хрысьціянаў. Таму уступаючы сёньня ў сьвяткаваньне Раства нашага Госпада Ісуса Хрыста, насуперак няверству і закямянеласьці нашых ўласных сэрцаў, прамовім разам з прарокам: “З намі Бог!” І хай гэтая радасьць і памяць прышэсьця і прысутнасьці Збавіцеля паміж намі ніколі не пакідае нас. Так, сапраўды! Амін.

Вярнуцца назад