Парафія сьвятога Язэпа > Казаньні і гаміліі > Перадаць веру
Перадаць веру20.12.2008. |
|
Дарагія браты! Дарагія сёстры!
1.Калі я толькі пачаў чытаць Новы Запавет, то лічыў пачатак Евангельля ад Мацьвея, які мы толькі што пачулі, самым нецікавым. Навошта гэтыя бясконцыя імёны, што нам да таго, хто каго “спарадзіў”? Аднак, у Сьвятым Пісаньні можна часта сустрэцца з падобным пералічэньнем імёнаў, якія называюцца “радаводамі”. Чаму габрэі, дый ня толькі яны, мелі такое замілаваньне да радаводаў? Напэўна па той жа прычыне, чаму і шматлікія асобы, у тым ліку сярод нашых знаёмых, дасьледуюць гісторыю сваёй сям’і, каб стварыць генеалагічнае дрэва: радавод паказвае, адкуль вядзецца наш род. 2.Нашыя продкі няпроста перадалі нам жыцьцё і былі нам айцамі ў фізічным сэнсе; нашыя продкі былі нам айцамі таксама ў тым, што перадалі нам пэўны досьвед. Менавіта так разумеецца радавод у Сьвятым Пісаньні: ён зьяўляецца сьведчаньнем пераемнасьці веры, якую выбраны народ атрымаў ад Бога. Дзеля гэтага евангеліст Мацьвей і пачынае сваё Евангельле радаводам Ісуса, каб падкрэсьліць, што Ісус зьяўляецца сапраўдным Месіяй, Тым, Якога чакаў выбраны народ, што Ісус не прыйшоў “каб адмяніць Пісаньне, але каб яго споўніць”, што Ён той, Хто прыходзіць ад Бога “Ісаака, Абрагама і Якуба”! 3.Дарагія браты! Дарагія сёстры! Сёньня ня кожны з нас можа аднавіць сваё генеалагічнае дрэва, або ня кожны можа пахваліцца высакароднымі продкамі, але кожны з нас пакліканы ўпісаць сваё імя ў радавод Госпада нашага Ісуса Хрыста! Хай нікога не засмуціць вораг, кажучы нам, што мы бязродныя – мы з роду Ісуса Хрыста. У Ім, нашым Збаўцы, мы адновім нашыя карані; ня толькі нашых сем’яў, але ўсяго нашага беларускага народу, нашай мовы і культуры, шляхетнасьць і высакароднасьць беларусаў. Што для гэтага трэба? І мала, і многа: атрымаць карані – упісаць сваё імя ў радавод Ісуса Хрыста, стаць па Яго бок, сказаць: “Ты – мой Бог!”. Вярнуцца назад |