Парафія сьвятога Язэпа > Навіны > Памяці Ніны Мацяш

Памяці Ніны Мацяш


20.12.2008.
Памяці Ніны Мацяш
19 сьнежня адышла ў вечнасьць Ніна Мацяш, чалавек сьветлай, прыгожай душы, шчырая беларуска, сяброўка нашай Царквы. Усемагутны Госпад даў ёй вялікія выпрабаваньні, якія яна з годнасьцю вытрывала і вялікі талент, які яна рэалізавала напоўніцу. Творы яе, напоўненыя незвычайнай цеплынёй і любоўю сагравалі душы многіх беларусаў, змушалі задумацца над сваім жыцьцём, вучылі шанаваць і любіць сваю зямлю, сваю мову, Бога.

Вечная памяць!

Памятаю даўняе. Поўная зала прыхільнікаў яе паэзіі. Ніна чытае свае вершы, ёй задаюць пытаньні. Яна адказвае. Устае чалавек, змучаны, скрушна-разгублены, пытаецца: ”Як жыць, Ніна Іосіфаўна?” Цішыня ў зале. І адказ, просты і ясны: ”Жывіце па запаведзях Божых”. І зноў цішыня. У пару бязбожніцтва гэта прагучала аглушальна, непрадказальна.

Якраз у той час мой сваяк зь вялікай рызыкай для сябе прывёз мне з Польшчы Біблію і я прагна асэнсоўваў яе.

О, я ведаў, як гэта няпроста кожны час, кожны дзень паўтараць Хрыстовы шлях на Галгофу. А мы? ”Ведаю твае дзеі, ты ні халодны, ні гарачы... Але як што ты цёплы, а не гарачы і не халодны, дык выкіну цябе з вуснаў Маіх”. Як жа. Можна ў сьвята пайсьці ў царкву, шчыра памаліцца, выйсьці з яе і тут жа абгаварыць чалавека, знайшоўшы, напрыклад, загану ў яго адзеньні. Усе мы ”цёплыя”, нямногія знаходзяць у сабе сілы быць ”гарачымі”.

Ніна — з тых нямногіх.

Праз усё прайсьці, усё спазнаць і абдумаць, праз пакуты і расчараваньні, адчай і боль і ўрэшце сказаць: ”Люблю. (Бог ёсьць любоў.)! Люблю зямельку родную і народ мой, і мову яго пявучую, у якой так добра і міла мне”.
Гэта для іншых паэтаў часам творчасьць — забава, для Ніны Мацяш — жыцьцё.

Жыцьцё і слова паяднаны, спалучаны, зьнітаваны ў міласьці, у любові.

Чытайце яе жыцьцяпіс: там уся яна, там многа сьвятла, шчырасьці, дабрыні.

Хто моцна любіць, таму баліць. Цяпер, калі айчынныя ”прарокі” цягнуць беларускі народ у бездухоўнасьць, бяспамяцтва, шальмуюць яго мову і культуру, душа баліць найболей. Паглядзіце. Птушкі вось не пакінулі сьпяваць, толькі людзі змоўклі. Нават на хаўтурах перасталі плакаць па нябожчыку. Не пачнеш жа галасіць па родным чалавеку на чужой мове!

”У доме, дзе не гучыць родная мова, няма Бога”, — гэта сказала Яна.

Ніна Мацяш — сьветлы і чысты чалавек, усім, хто ведаў яе, было хораша і радасна побач зь ёю.

І сапраўды: ”Сеецца ў немачы, паўстае ў сіле...”
Алесь ЗАЙКА
Івацэвіцкі раён

Памяці Ніны Мацяш

Памяці Ніны Мацяш

Вярнуцца назад