Парафія сьвятога Язэпа > Казаньні і гаміліі > Дзе жыве сьвяты Мікалай?

Дзе жыве сьвяты Мікалай?


6.12.2008.
Сьвяты Мікалай зьяўляецца бадай што самым папулярным хрысьціянскім сьвятым. Яго шануюць праваслаўныя і каталікі, а нават і нехрысьціяне. Ён стаўся персанажам калядных сьвятаў, такім, якім быў Дзед Мароз. Амерыканскі адпаведнік Дзеда Мароза – Санта Клаўс – і ёсьць чымсьці пасярэднім паміж фальклёрным персанажам і хрысьціянскім сьвятым. Санта Клаўс жыве, як вядома, у Лапландыі, Дзед Мароз – у Белавескай Пушчы. А дзе жыве сьвяты Мікалай?

Аднак сьвяты Мікалай – гэта не персанаж з байкі, а рэальны чалавек, які жыў у Малой Азіі ў ІІ стагоддзі ад нараджэньня Хрыстовага. Адзіны сын багатых бацькоў, ён атрымаў пасля іх сьмерці вялікую спадчыну. Пранікнуўшыся словамі Евангельля, якія чулі мы сёньня, ён раздаў бедным усю сваю маёмасьць, падкладаючы патаемна падарункі людзям, якія патрабавалі дапамогі. Бог даў яму за гэта высокую годнасьць (а можа складанае заданьне?). Ён стаў біскупам, і на гэтай пасадзе працягваў займацца дабрачыннасьцю і дапамагаць людзям. Такё сьвяты Мікалай запачаткаваў традыцыю сьвяточных падарункаў, якія дорацца ў розных краінах па-рознаму – дзе на сьвятога Мікалая, дзе на Раство, дзе на Новы год. А дзе і адразу на ўсе тры сьвяты!

Дзе жыве сьвяты Мікалай? Сваё зямное жыцьцё ён правёў у Мірах Лікійскіх. Пасля сьмерці “пасяліўся” на небе. Ён не спускаецца на сьвяты, каб падкладаць падарункі пад ялінку. Гэта робяць звычайныя людзі. Але такім чынам справа дабрачыннасьці, якой займаўся Мікалай, працягваецца! Сьвяты Мікалай можа пасяліцца ў нашым горадзе, у нашым раёне, на нашай вуліцы, калі мы пачнем дапамагаць бліжнім, калі мы зробім падарунак ня толькі нашым дзецям ці знаёмым, а тым, каму няма адкуль чакаць падарунка! Кожны з нас можа стаць “сьвятым Мікалаем”!

У некаторых заходніх краінах існуюць сьпецыяльныя крамы, у якія пасля калядных сьвятаў можна аддаць непатрэбныя падарункі, якія людзі атрымліваюць на сьвяты. Кажуць, што гэтыя крамы карыстаюцца вялікім попытам, бо многія падарункі аказваюцца проста непатрэбнымі. Адначасова шмат людзей у сьвеце маюць патрэбу ў элементарных рэчах, і не атрымліваюць іх. Таму сьвяты Мікалай вучыць нас правільна рабіць падарункі – дарыць тое, што патрэбна, а галоўнае, тым, каму патрэбна!

Вярнуцца назад