Парафія сьвятога Язэпа > Навіны > Леў XIV у Дзень задушны: любоў вядзе ў вечнае жыццё
Леў XIV у Дзень задушны: любоў вядзе ў вечнае жыццё4.11.2025. |
|
2 лістапада 2025 года Леў XIV узначаліў эўхарыстычную цэлебрацыю на манументальных могілках Кампа-Верана ў Рыме, якія знаходзяцца побач з Базілікай святога Лаўрэнція па-за мурамі і з’яўляюцца месцам спачыну шматлікіх славутых італьянцаў.
У гаміліі Святы Айцец заўважыў, што ўспамін усіх памерлых вернікаў заклікае скіраваць позірк не толькі ў мінулае, але перадусім у будучыню – да мэты нашага падарожжа, да бяспечнай гавані, якую абяцаў нам Бог і дзе рыхтуе нам сустрэчу з тымі, каго мы любілі.
“Гэта не ілюзія, якая павінна змякчыць боль разлукі з дарагімі людзьмі, і не просты чалавечы аптымізм, а ўпэўненасць, заснаваная на ўваскрасенні Езуса, які перамог смерць і адкрыў нам шлях да паўнаты жыцця”, - дадаў Папа.
Пантыфік падкрэсліў, што “канчатковая гавань” чалавека будзе сустрэчай любові. “З любові Бог нас стварыў, у любові свайго Сына збаўляе нас ад смерці, у радасці любові хоча, каб мы жылі вечна”, - сказаў Леў XIV, заўважыўшы, што “мы ідзём да мэты і прадчуваем яе ў непарушнай сувязі з тымі, хто быў перад намі, толькі тады, калі жывём у любові і аказваем любоў адзін да аднаго, асабліва да самых уразлівых і самых бедных”.
“Дарагія браты і сёстры, нягледзячы на боль, які застаецца ў нашых сэрцах з-за адсутнасці тых, каго ўжо няма сярод нас, давайце даверымся надзеі, якая не падводзіць; паглядзім на Уваскрослага Хрыста і падумаем пра нашых блізкіх памерлых, агорнутых Яго святлом; дазволім, каб у нас знайшло рэха абяцанне вечнага жыцця, якое Пан даў нам”, - заахвоціў Папа.
“Езус чакае нас, і калі сустрэнемся з Ім у завяршэнні зямнога жыцця, мы будзем радавацца разам з Ім і нашымі блізкімі, якія адышлі перад намі. Няхай гэта абяцанне падтрымлівае нас, асушае нашы слёзы, скіроўвае наш позірк у будучыню – да надзеі, якая не падводзіць”, - пажадаў на заканчэнне гаміліі Святы Айцец.
Аляксандр Панчанка - Vatican News Вярнуцца назад |