Парафія сьвятога Язэпа > Казаньні і гаміліі > Cлова на Успамін усіх памерлых вернікаў
Cлова на Успамін усіх памерлых вернікаў4.11.2025. |
|
1. Адзначаем успамін усіх памерлых вернікаў - думаем пра тых, хто завяршыў сваю зямную вандроўку, але яшчэ, можа, не кампенсаваў доўг Божай справядлівасці за свае грахі і правіны. Гэты доўг душы памерлых кампенсуюць праз асабістыя цярпенні на працягу таго перыяду, які патрэбны для іх ачышчэння. У Катэхізісе Каталіцкага Касцёла падкрэсліваецца, што вернік, «які памірае ў Хрысце, пасля заканчэння свайго зямнога існавання пераходзіць да спаўнення новага жыцця, распачатага падчас хросту. (…) Сэнс смерці хрысціяніна выяўляецца ў святле смерці і ўваскрасення Хрыста, нашай адзінай надзеі; хрысціянін, які памірае ў Езусе Хрысце, пакідае цела, каб «пасяліцца ў Пану» (КККК, 354).
2. З пункту гледжання веры смерць чалавека — гэта пасха, пасхальная падзея, таму што пасля смерці распачынаецца сустрэча з уваскрослым Хрыстом. Менавіта ў гэтай магчымасці сустрэчы з нашым Збаўцам праяўляецца бязмежная любоў Бога. Нядаўна папа Леў XIV ў адной са сваіх катэхезаў, прысвечаных Юбілейнаму году, разважаў над таямніцаю Вялікай суботы: «Гэта дзень Пасхальнай містэрыі, у якой усё здаецца непарушным і маўклівым, аднак насамрэч здзяйсняецца нябачная справа збаўлення: Хрыстус сыходзіць у валадарства адхлані, каб занесці пасланне пра ўваскрасенне ўсім, хто быў у цемры і ў ценю смерці. Гэтае здарэнне, пра якое захавалі памяць літургія і Традыцыя, — найглыбейшы і самы выразны жэст любові Бога да чалавецтва, бо недастаткова гаварыць або верыць, што Езус памёр за нас: трэба прызнаць, што вернасць Яго любові пажадала шукаць нас там, дзе мы самі згубіліся; там, куды сягае толькі сіла святла, здольнага пранізаць панаванне цемры.
3. Апостал Пётр у кароткім фрагменце свайго першага Паслання, гаворыць нам, што Езус, ажыўлены ў Духу Святым, пайшоў абвясціць збаўленне нават «тым духам, што ў вязніцы» (1 П 3, 19). Гэта адзін з самых узрушлівых вобразаў, які сустракаецца ў апакрыфічным тэксце, што называецца Евангеллем Нікадэма. Паводле гэтай Традыцыі, Сын Божы ўвайшоў у самую змрочную цемру, каб дайсці нават да апошняга са сваіх братоў і сясцёр, каб занесці туды сваё святло. У гэтым жэсце заключана ўся моц і чуласць пасхальнага паслання: смерць ніколі не будзе апошнім словам.
4. Для Бога зыходжанне ў адхлань — гэта не паражэнне, а спаўненне Яго любові. Гэта не пройгрыш, а шлях, праз які Ён паказвае, што для Яго любові не існуе занадта далёкага месца, занадта замкнутага сэрца ці занадта закрытай магілы. Гэта нас суцяшае, гэта нас падтрымлівае. А калі часам нам здаецца, што мы апусціліся на дно, памятайма: менавіта з гэтага месца Бог мае моц распачаць новае стварэнне. Стварэнне, у якім людзі будуць узнесеныя, сэрцы — прабачаныя, слёзы — выцертыя. Вялікая субота — гэта ціхія абдымкі Хрыста, праз якія Ён прыводзіць усё стварэнне да Айца, каб нанова ўключыць яго ў свой план збаўлення» (З катэхезы Пасха Езуса, 24 верасня 2025 г.).
5 Касцёл заклікае вернікаў ахвяроўваць «малітвы ўміласціўлення, асабліва Эўхарыстычную Ахвяру, а таксама міласціну, адпусты і справы пакаяння» (КККК, 211), каб дапамагчы душам чыстцовым хутчэй дасягнуць нябеснага шчасця. Заахвочваю вас, любыя браты і сёстры, да руплівай малітвы ў іх інтэнцыі, асабліва на працягу актавы з 1 па 8 лістапада, калі можна пры звычайных умовах атрымаць поўны адпуст і ахвяраваць яго за душы чыстцовыя. Не забывайма таксама маліцца за іх на працягу ўсяго літургічнага года, бо душы чыстцовыя вельмі чакаюць нашых малітваў, ахвяраваных цярпенняў, і самай галоўнай дапамогі — святых Імшаў за іх. Самі сабе гэтыя душы не могуць дапамагчы, але яны, як сведчаць многія святыя, вельмі ўдзячныя ўсім, хто за іх моліцца і могуць выпрасіць для нас неабходныя ласкі.
Святы Ян Віянэй у казанні «Пра дзень задушны» гаварыў: «Калі мы хочам заслужыць неба, ратуйма душы, якія церпяць у чыстцы, бо ахвотная дапамога ім — амаль пэўны знак збаўлення». Вярнуцца назад |