Парафія сьвятога Язэпа > Навіны > Беларусы ў Рыме: Імша ў Cаборы Святога Пятра

Беларусы ў Рыме: Імша ў Cаборы Святога Пятра


24.10.2025.
Беларусы ў Рыме: Імша ў Cаборы Святога ПятраУ Базіліцы Святога Пятра адбылася Імша на беларускай мове для пілігрымаў з нагоды Юбілею 2025 года. Эўхарыстыю ўзначаліў арцыбіскуп Юзаф Станеўскі.

 

22 кастрычніка 2025 года каля пяцісот вернікаў з Беларусі, пераважна з Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі, здзейснілі пілігрымку да сэрца Каталіцкага Касцёла. Перад урачыстай літургіяй яны прайшлі ў пілігрымцы ад Замка Святога Анёла праз Плошчу Святога Пятра. Кульмінацыяй гэтага шляху стала праходжанне праз Святую Браму — адзін з найважнейшых абрадаў Юбілею, які сімвалізуе пераход ад граху да ласкі і пачатак новага жыцця ў Хрысце.


Урачыстая Эўхарыстыя пачалася ў 15.00 пры Алтары Кафедры ў ватыканскай базіліцы. Яе ўзначаліў Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Юзаф Станеўскі. Разам з ім Імшу канцэлебравалі каля дваццаці святароў, якія суправаджалі групы пілігрымаў з розных парафій, у тым ліку з Мінска, Нясвіжа і Вілейкі. Літургічны спеў выконваў хор з вілейскай парафіі, вернікі якой таксама дапамаглі ў арганізацыі набажэнства.


Гамілію для вернікаў прамовіў дапаможны біскуп Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Аляксандр Яшэўскі. Ён адзначыў, што прысутнасць беларусаў ля магілы святога Пятра – гэта знак вернасці і еднасці з Паўсюдным Касцёлам. Іерарх нагадаў пра багатую гісторыю хрысціянскага мучаніцтва як у Рыме, так і на беларускіх землях, узгадаўшы святога Язафата Кунцэвіча, рэліквіі якога захоўваюцца ў ватыканскай базіліцы, і мучанікаў ХХ стагоддзя. "Мы прыехалі з краіны, якая таксама вельмі шчодра палітая крывёю мучанікаў за веру", - падкрэсліў ён.


Біскуп Яшэўскі звярнуў увагу на складаны перыяд у гісторыі Беларусі, адзначыўшы, што менавіта ў такія часы Касцёл пакліканы быць "месцам сустрэчы, дзе чалавек не асуджаецца, а напаўняецца надзеяй". Ён заклікаў вернікаў стаць будаўнікамі "духоўнага мосту" паміж Усходам і Захадам, несучы мір і Божую праўду. "Беларусь паклікана быць не толькі краінай у геаграфічным сэнсе, але сімвалам духоўнага мосту, дзе праўда сустракае спагаду", - сказаў іерарх.


У сваёй гаміліі біскуп шмат разоў звяртаўся да вобразу Пятровай скалы, падкрэсліваючы, што падмуркам Касцёла з'яўляецца вера, якая "не баіцца слабасці, бо ведае, што Божая ласка дзейнічае менавіта ў ёй".

 

Арцыбіскуп Юзаф Станеўскі на заканчэнне Імшы падзякаваў усім пілігрымам за ўдзел у гэтай асаблівай малітве ў сэрцы Каталіцкага Касцёла.


Вернікі з Беларусі, пасля праходжання праз Святую Браму і ўдзелу ў урачыстай Эўхарыстыі, атрымалі духоўнае ўмацаванне для далейшага сведчання пра Хрыста на сваёй Радзіме.

 

Юбілей 2025 года становіцца для беларускіх католікаў часам абнаўлення веры і надзеі, якую яны панясуць у свае парафіі, сем'і і супольнасці.

 

Беларусы ў Рыме: Імша ў Cаборы Святога ПятраБеларусы ў Рыме: Імша ў Cаборы Святога ПятраБеларусы ў Рыме: Імша ў Cаборы Святога ПятраБеларусы ў Рыме: Імша ў Cаборы Святога ПятраБеларусы ў Рыме: Імша ў Cаборы Святога Пятра

 

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News


Вярнуцца назад