Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Рэспублікі Беларусь пры Святым Пасадзе Юрый Амбразевіч 16 кастрычніка сустрэўся з прэфектам Дыкастэрыі па справах Усходніх Касцёлаў кардыналам Клаўдыё Гуджэроці, спецыяльным пасланнікам Папы Льва XIV на ўрачыстасці 100-годдзя Пінскай дыяцэзіі.
Як паведамляе інфармацыйнае агенцтва БЕЛТА са спасылкай на беларускае знешнепалітычнае ведамства, бакі абмеркавалі актуальныя пытанні ўзаемадзеяння паміж Беларуссю і Святым Пасадам па напрамках, якія знаходзяцца ў кампетэнцыі кардынала Гуджэроці.
Падчас сустрэчы пасол перадаў кардыналу падарунак у адрас Папы Льва XIV ад імя Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Аляксандра Лукашэнкі з нагоды юбілею Святога Айца, а таксама арыгінал асабістага паслання кіраўніка беларускай дзяржавы.
Кардынал Клаўдыё Гуджэроці быў апостальскім нунцыем у Беларусі з 2011 па 2015 гады. Дыкастэрыя па справах Усходніх Касцёлаў, раней вядомая як Кангрэгацыя па справах Усходніх Касцёлаў, створана ў 1573 годзе. Гэта адна з шаснаццаці Дыкастэрый Рымскай курыі, якая займаецца Усходнімі каталіцкімі Касцёламі.
Паводле Catholic.by