Парафія сьвятога Язэпа > Навіны > Зварот біскупа Пінскага Антонія Дзям’янкі ў сувязі са святкаваннем 100-годдзя заснавання Пінскай дыяцэзіі
Зварот біскупа Пінскага Антонія Дзям’янкі ў сувязі са святкаваннем 100-годдзя заснавання Пінскай дыяцэзіі15.10.2025. |
|
Тэкст Звароту для друку ТУТ>>>
Шаноўныя браты ў біскупскім служэнні, святары, кансэкраваныя асобы, семінарысты! Умілаваныя дзеці, дарагая моладзь, браты і сёстры ў Хрысце, людзі добрай волі!
28 кастрычніка 1925 года Папа Пій ХІ, дбаючы пра духоўнае дабро вернікаў на нашай зямлі, стварыў Пінскую дыяцэзію.
У той складаны час такі крок Апостальскай Сталіцы быў не толькі знакам клопату пра мясцовых католікаў, але і стаўся новым імпульсам да адраджэння Касцёла на значных тэрыторыях нашай краіны.
На старонках гісторыі Пінскай дыяцэзіі залатымі літарамі ўпісаныя ўсім вядомыя імёны вялікіх асобаў, якія мацавалі веру і зрабілі бясцэнны ўклад у развіццё Касцёла ў Беларусі. Гэта Слуга Божы біскуп Зыгмунт Лазінскі, благаслаўлёны ксёндз Мечыслаў Багаткевіч, кардынал Казімір Свёнтак, ксёндз інфулат Вацлаў Пянткоўскі. Праходзячы розныя няпростыя этапы гісторыі, праз жахі вайны, гнёт ваюючага атэізму і часы адноснай рэлігійнай свабоды, Касцёл на нашых землях заўсёды даваў сведчанне нязломнай веры і адданасці свайму Уваскросламу Пану — Езусу Хрысту.
Стогадовы юбілей Пінскай дыяцэзіі з’яўляецца для нас нагодай, каб выказаць падзяку Пану Богу за Ягоныя бязмежныя дары, за ўсіх асобаў, якія ўзбагацілі наш Касцёл сваім досведам веры, сваім цярпеннем, руплівасцю і трывалым сведчаннем. Таму прагну запрасіць кожнага з вас прыняць удзел ва ўрачастасцях, якія адбудуцца ў нашай Пінскай дыяцэзіі ў Пінску і Брэсце 25 і 26 кастрычніка бягучага года. Наша радасць святкавання будзе ўзмоцнена прысутнасцю сярод нас спецыяльнага пасланніка Папы Льва ХІV Яго Эмінэнцыі кардынала Клаўдыё Гуджэроці, якога вернікі Касцёла ў Беларусі добра памятаюць.
Як біскуп Пінскай дыяцэзіі вельмі сардэчна запрашаю вас далучыцца да нашага сумеснага святкавання, якое, як спадзяюся, будзе супольным досведам веры, захапленнем Міласэрнасцю Пана Бога і дапаможа нам яшчэ больш пранікнуцца любоўю да нашага святога Каталіцкага Касцёла, да якога ўсе мы пакліканыя як адна сям’я Божых дзяцей.
З пастырскім благаслаўленнем, ✠ Антоній Дзям’янка Пінск, 7 кастрычніка 2025 г.
Фота: Аляксандра Шчыглінская / Catholic.by Вярнуцца назад |