Парафія сьвятога Язэпа > Навіны > Зварот адказнага за душпастырства моладзі пры ККББ біскупа Уладзіміра Гуляя з нагоды Юбілею моладзі ў Брэсце

Зварот адказнага за душпастырства моладзі пры ККББ біскупа Уладзіміра Гуляя з нагоды Юбілею моладзі ў Брэсце


14.10.2025.

Зварот адказнага за душпастырства моладзі пры ККББ біскупа Уладзіміра Гуляя з нагоды Юбілею моладзі ў БрэсцеДарагая моладзь, паважаныя святары і законныя сёстры, сябры!

 

З вялікай радасцю звяртаюся да вас у гэтым Юбілейным годзе, калі ўвесь Касцёл святкуе час Божай ласкі і міласэрнасці.

 

Гэты год асабліва запрашае нас аднавіць сваю веру, надзею і любоў, каб разам крочыць шляхам, які вядзе да Хрыста.


Таму з вялікім задавальненнем і шчырасцю запрашаю вас на Юбілей моладзі Пінскай дыяцэзіі, які адбудзецца 26 кастрычніка ў Брэсце пад дэвізам «Мы — Касцёл Езуса Хрыста» ў межах святкавання галоўных урачыстасцяў з нагоды 100-годдзя Пінскай дыяцэзіі.

 

Ад імя біскупа Пінскага Антонія Дзям’янкі, гаспадара гэтай урачыстасці, і ад свайго імя заклікаю моладзь з усіх куткоў Беларусі, а таксама святароў, законных сясцёр і ўсіх, хто дапамагае моладзі крочыць дарогай веры, далучыцца да гэтай урачыстасці і малітоўна перажыць гэты момант, важны ў жыцці моладзі і Касцёла ў Беларусі.

 

Няхай гэтае свята моладзі стане святам сустрэчы з Хрыстом, Які жыве ў сваім Касцёле, і святам братэрства, у якім мы адчуваем, што ўсе мы — адна Божая сям’я.

 

Асаблівым знакам еднасці з Папам і ўсім паўсюдным Касцёлам будзе прысутнасць пачэснага госця — Яго Эмінэнцыі кардынала Клаўдыё Гуджэроцці, спецыяльнага пасланніка Святога Айца Льва XIV.


Дарагія маладыя сябры! Прыязджайце ў Брэст з адкрытымі сэрцамі, каб разам маліцца, дзяліцца верай, радасцю і надзеяй. Няхай гэтая сустрэча дапаможа кожнаму з нас адчуць, што мы — жывыя камяні Касцёла і што Хрыстус разлічвае на кожнага з нас.

 

Буду вельмі рады сустрэчы з вамі! Да хуткай сустрэчы ў Брэсце!

 

З любоўю і благаслаўленнем,

✠ Уладзімір Гуляй
Біскуп Гродзенскі
Адказны за душпастырства моладзі
пры Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў Беларусі

 

P. S. Для ўдзелу маладым людзям неабходна зарэгістравацца па спасылцы ТУТ>>>

Адказны за правядзенне сустрэчы — ксёндз Павел Рудзьман, тэлефонны нумар +375 (29) 709-00-93

 

Паводле Catholic.by


Вярнуцца назад