Парафія сьвятога Язэпа > Навіны > Адышоў да Госпада вялікі сябар грэка-католікаў

Адышоў да Госпада вялікі сябар грэка-католікаў


18.09.2025.

Адышоў да Госпада вялікі сябар грэка-католікаў14 верасня, у свята Узвышэння Пачэснага і Жыватворчага Крыжа адышоў да Госпада ўладыка Антоній Дыдыч. У 1994-2014 гадах ён быў біскупам Драгічынскай рыма-каталіцкай дыяцэзіі, якая ахоплівае частку Падляшша – рэгіёна, што ўваходзіць у склад Польшчы, але ў якім жыве шмат этнічных беларусаў.

 

Уладыка Антоній нарадзіўся 24 жніўня 1938 года. У 1954 годзе ён уступіў у Ордэн Меншых Братоў Капуцынаў, а ў 1963 годзе атрымаў святарскія свячанні. У 1994 годзе Святы Айцец Ян Павел ІІ прызначыў яго біскупам Драгічынскай дыяцэзіі, што была створаная за некалькі год да гэтага. Яе цэнтрам сталі рэшткі Пінскай дыяцэзіі, якія пасля ІІ Сусветнай вайны апынуліся ў складзе Польшчы. У 2014 годзе ўладыка адышоў на эмерытуру, але ў меру сваіх сіл працягваў пастырскае служэнне.

 

Біскуп Антоній Дыдыч быў вялікім сябрам беларусаў, асабліва грэка-каталікоў. Ён неаднаразова наведваў нашу краіну – спачатку як святар-капуцын, потым – як біскуп. Уладыка Антоній спрыяў выданню рэлігійнай літаратуры па-беларуску. У Вышэйшай Духоўнай Семінарыіі ў Драгічыне як абавязковы прадмет выкладалася беларуская мова. З 1999 года тут навучаліся таксама будучыя беларускія грэка-каталіцкія святары, адзін з іх – душпастыр гарадзенскай парафіі і протапрэзбітар Заходняга протапрэзбітэрата айцец Андрэй Крот.

 

У гарадзенскай парафіі набажэнства за супакой спачылага біскупа Антонія адбудзецца ў пятніцу 19 верасня, у той дзень, калі ў Драгічыне распачынаюцца жалобныя ўрачыстасці.

 

*На фота – біскуп Антоній Дыдыч у Пратуліне падчас урачыстасцей у гонар Падляшскіх мучанікаў. 1996 год. Фота Л. Вайткоўскага, https://facimskaja.by/


Вярнуцца назад