Парафія сьвятога Язэпа > Навіны > Папа сустрэўся з Каталікосам усіх армян

Папа сустрэўся з Каталікосам усіх армян


16.09.2025.
Папа сустрэўся з Каталікосам усіх армян16 верасня 2025 года Пантыфік прыняў на аўдыенцыі ў Кастэль-Гандольфа Яго Святасць Гарэгіна II, Каталікоса ўсіх армян. Аб гэтым паведаміла Зала Друку Святога Пасада.

 

Аўдыенцыя стала першай афіцыйнай сустрэчай Папы Льва XIV з кіраўніком Армянскай Апостальскай Царквы.

 

Візіт Гарэгіна II пачаўся 15 верасня 2025 года. Акрамя сустрэчы з Пантыфікам, запланаваны перамовы з прадстаўнікамі курыі, у тым ліку з Дзяржаўным сакратаром, кардыналам П'етрам Паралінам, сакратаром па сувязях з дзяржавамі і міжнароднымі арганізацыямі, арцыбіскупам Полам Рычардам Галахерам, а таксама сустрэчы з прэфектам Дыкастэрыі па справах Усходніх Цэркваў, кардыналам Клаўдыё Гуджэроці, прэфектам Дыкастэрыі спрыяння хрысціянскаму адзінству, кардыналам Куртам Кохам, і прэфектам Дыкастэрыі па справах культуры і адукацыі, кардыналам Жазэ Таленціна дэ Мендонса.

 

Гарэгін II упершыню наведаў Святы Пасад у 2000 годзе, каб разам з Папам Янам Паўлам II падпісаць сумесную дэкларацыю аб дыялогу паміж дзвюма цэрквамі. У 2001 годзе Ян Павел II здзейсніў гістарычны візіт у Арменію з нагоды 1700-годдзя абвяшчэння хрысціянства дзяржаўнай рэлігіяй, стаўшы першым Папам, які наведаў гэтую краіну. 8 красавіка 2005 года Гарэгін II разам з Каталікосам Кілікіі Арамам I прысутнічаў на пахаванні Яна Паўла II у Ватыкане. У 2008 годзе ён зноў наведаў Ватыкан па запрашэнні Бэнэдыкта XVI, каб прыняць удзел у экуменічным святкаванні.

 

Гарэгін II неаднаразова сустракаўся з Папам Францішкам. Значнымі падзеямі ў адносінах паміж Святым Пасадам і Армянскай Апостальскай Царквой стала Святая Імша 12 красавіка 2015 года, падчас якой Францішак ушанаваў памяць ахвяр армянскага генацыду і абвясціў святога Грыгорыя Нарэкскага доктарам Касцёла, а таксама апостальскі візіт Францішка ў Арменію ў 2016 годзе. У 2018 годзе ў Ватыканскіх садах адбылася цырымонія адкрыцця скульптуры святога Грыгорыя Нарэкскага, на якой прысутнічалі Гарэгін II, Арам I, Крыкар Бэдрас XX і тагачасны Прэзідэнт Рэспублікі Арменія Серж Саргсян. Пасля гэтага Гарэгін II яшчэ двойчы сустракаўся з Францішкам: у 2018 і 2020 гадах.

 

Марыя Валодзіна - Vatican News


Вярнуцца назад