Парафія сьвятога Язэпа > Навіны > Першы блаславёны Каталіцкай Царквы ў Эстоніі

Першы блаславёны Каталіцкай Царквы ў Эстоніі


7.09.2025.

Першы блаславёны Каталіцкай Царквы ў ЭстонііГістарычная падзея адбылася ў Эстоніі – цяпер гэтая краіна мае свайго першага блаславёнага Каталіцкай Царквы. У суботу, 6 верасня 2025 году ў Таліне быў абвешчаны блаславёным нямецкі езуіт, архібіскуп Эдуард Профітліх (1890–1942), які быў арыштаваны падчас савецкай акупацыі гэтай краіны і памёр у турме ў Расеі ў 1942 годзе.

 

У сваім казанні кардынал Крыстаф Шонбарн аддаў пашану біскупу-мучаніку як пастыру, які застаўся разам з сваёй паствай, усведамляючы, што гэтае рашэнне можа каштаваць яму жыцця.

 

Новы блаславёны Эдуард Профітліх памёр у савецкай турме ў Кіраве 22 лютага 1942 году. Гэты манах-езуіт і біскуп меў магчымасць вярнуцца на сваю радзіму, але ён вырашыў застацца ў Таліне з даручанымі яго апецы вернікамі. «Паколькі ён не хацеў пакідаць іх адных, ён не вярнуўся ў Германію, цалкам усведамляючы, што гэтае рашэнне амаль непазбежна прывядзе яго да смерці», — падкрэсліў кардынал Шонбарн. 

 

Архібіскуп Профітліх абмеркаваў гэтае сваё рашэнне з Папам Піем XII. Святы Айцец не выдаў яму загаду, але параіў, каб кіраваўся дабром вернікаў. У адным з сваіх лістоў да сям'і Эдуард Профітліх пісаў: «Пастыр павінен заставацца з сваім статкам і дзяліць разам з ім радасці і цярпенні».

 

Кардынал Шонбарн шмат цытаваў перапіску архібіскупа, якая сведчыць пра яго ўнутраную свабоду. «Павінен сказаць, што, хоць гэтае рашэнне патрабавала некалькіх тыдняў падрыхтоўкі, але яно нарадзілася не ў страху ці трывозе, а наадварот, з вялікай радасцю. /.../ Якімі шчаслівымі мы можам стаць, калі гатовыя ахвяраваць ўсё сваё жыццё і свабоду Хрысту», – пісаў архібіскуп Профітліх. Паводле словаў кардынала Шонбарна, менавіта гэтая радасць з’яўляецца таямніцай хрысціянскіх мучанікаў і найглыбейшай антытэзай ідэалогіі пагарды да чалавека, якой моцна пазначана ХХ стагоддзе. Архібіскуп Профітліх з годнасцю і спакоем аддаў сябе ў рукі супрацоўнікаў НКВД – адзначыў кардынал Шонбарн, падкрэсліўшы, што крыніцай такой мужнасці была ягоная вера.

 

Блаславёны Эдуард Профітліх нарадзіўся ў Германіі, але прысвяціў сваё жыццё эстонскаму народу. Ён прыехаў у Эстонію ў 1930 годзе, прыняў грамадзянства гэтай краіны і 11 траўня 1931 году быў прызначаны Апостальскім адміністратарам. Пазьней, 27 снежня 1936 году, быў рукапакладзены на біскупа ў Таліне, у царкве святых апосталаў Пятра і Паўла. Ягонай місіяй было ўмацаванне каталіцкай супольнасці, верна служыць Богу і абвяшчаць Добрую Вестку народу Эстоніі. Ён жыў простым, пасвячаным Богу жыццём, якое адзначалася глыбокай любоўю да міру і праўды. Калі ў чэрвені 1940 году, пасля падпісання пакту Молатава-Рыбентропа, пачалася савецкая акупацыя Эстоніі, ён не збег, а застаўся разам з сваім статкам. Ноччу 27 чэрвеня 1941 году ў службовай кватэры эстонскага каталіцкага ярарха пры рыма-каталіцкай царкве ў Таліне адбыўся вобшук і ён быў арыштаваны. Яго абвінавацілі ў тым, што ён «агент Ватыкану». Паводле аповедаў розных сведкаў вядома, што архібіскуп Профітліх папрасіў у тых, хто яго арыштоўваў, дазволу, каб зайсьці ў царкву святых Пятра і Паўла і памаліцца. Яму гэта дазволілі. Так пасля кароткай малітвы перад алтаром пачаўся шлях слугі Божага Эдуарда Профітліха на Галгофу. Яго адправілі ў глыб Расеі ў турму ў Кіраве. Начныя допыты ярарха адбываліся да лістапада 1941 году, пасля чаго яму быў вынесены судовы вырак. Яго віну суд убачыў у забароненым спрыянні выезду персаналу Каталіцкай Царквы, а таксама ў контрарэвалюцыйнай дзейнасці і агітацыі ў царкве. Суд прыгаварыў Эдуарда Профітліха да смяротнага пакарання – расстрэлу на падставе п. 12 артыкула 58 і п. 10 артыкула 58 Крымінальнага кодэксу РСФСР.  Аднак савецкая карная сістэма ня здолела выканаць гэты вырак. Беспадстаўна асуджаны архібіскуп Профітліх памёр у Кіраўскай турме 22 лютага 1942 году.

 

Паводле тэлеграм-канала "Грэка-католікі Беларусі"


Вярнуцца назад