Парафія сьвятога Язэпа > Казаньні і гаміліі > 5-я нядзеля Вялікага Посту, успамін пачэснае маці нашае Марыі Ягіпецкай) (Мк 10, 32-45; Габ 9, 11-14 )

5-я нядзеля Вялікага Посту, успамін пачэснае маці нашае Марыі Ягіпецкай) (Мк 10, 32-45; Габ 9, 11-14 )


5.04.2025.

1. Дарагія браты, сёстры, сябры! Сёньня мы з'яўляемся сведкамі канфлікту, які ўзьнікае паміж вучнямі Ісуса Хрыста падчас іх падарожжа. Прыгледзімся, што адбываецца: Ісус ідзе ў Ерусалім. Вучні неахвотна, а нават з жахам, цягнуцца за ім. Яны вельмі добра ведаюць аб небяспецы, якая чакае Ісуса ў Ерусаліме, а значыць і ўсіх вучняў. Уся іх істота бунтуецца: не разумее і не прымае такое рашэньне Настаўніка. Ісус жа ўжо ў трэці раз у Евангельлі паводле Марка тлумачыць, што Ён мае быць выдадзены на смерць і на трэці дзень уваскрэснуць. Вучні быццам бы ня чуюць гэтых слоў. Ці палястынскае сонца ў той дзень паліла з асаблівай моцай ды спякота нарадзіла ў іх галовах марныя фантазіі? Раптам гэтыя мроі ім падаліся больш рэальнымі, чым тое, пра што казаў Ісус.

 

І вось найбольш адважныя вучні – Якаў ды Ян – падыходзяць да настаўніка і просяць пра першыя месцы па правым і левым Яго баку. Госпад лагодна скіроўвае іх думкі ізноў да тэмы смерці: “Ня ведаеце, чаго просіце; ці-ж можаце піць чару, якую п’ю Я, і хрысьціцца хрышчэньнем, якім Я хрышчуся?” (Мк 10, 38). Келіх ды абмыццё вадою – гэта сімвалы-знакі мучаніцтва, якія добра вядомыя вучням са Старога Запавету. Напэўна можна перафразаваць словы Госпада наступным чынам: не ведаеце, чаго просіце; ці вы можаце ісці дарогай мучаніцтва, як Я?

 

2. Магчыма Госпад меркаваў, што думкі аб мучаніцтве і смерці вярнуць вучняў на цвёрдую глебу рэчаіснасці, дапамогуць па-іншаму асэнсаваць вартасць зямной славы: хто ж можа адказаць на пытанне аб мучаніцтве і смерці без глыбокага папярэдняга разважання? Не ведаем, ці Якаў з Янам зразумелі Ісуса ў той момант, аднак яны бодра адказваюць Яму: “Можам!” Госпад не звяртае ўвагі на дзёрскасць і неабдуманасць гэтых слоў. Ён ведае, што амаль усе Ягоныя вучні прымуць мучаніцкую смерць, таму Ён пагаджаецца з імі.

 

Працягваючы гаварыць да іх, Ісус кажа таксама ім сваё “але”: “Сесьці ў Мяне з правага боку і з левага – ня Мне даваць, але каму прыгатавана” (Мк 10, 40). Госпад не запярэчвае, што існуюць пачэсныя месцы, каля Яго ў Божым Валадарстве, аднак чарговы раз хоча падкрэсліць, што ярархія ў Валадарстве Нябесным зусім іншая. Бачачы абурэнне з боку іншых вучняў на сваіх таварышаў, Ісус падрабязна тлумачыць, як можна заняць першыя месцы.

 

3. Ён Сам, Настаўнік, “прыйшоў не каб Яму служылі, але каб паслужыць і аддаць душу Сваю на выкупленьне многіх” (Мк 10, 45), таму ёсць толькі адзін спосаб быць побач Ісуса (праваруч і леваруч ад Яго) – “хто хоча стацца першым між вамі, хай будзе слугою ўсіх” (Мк 10, 44).

 

Не шмат жадаючых стаць слугамі. Мы ўсе хацелі б не служыць, але каб нам служылі. Мы падобныя на вучняў Хрыстовых з той розніцай, што яны знаходзіліся на дарозе ў Іерусалім, а мы - на дарозе Вялікага Посту. Што перашкаджае нам разумець Ісуса? Якія нашыя неўпарадкаваныя амбіцыі і пажаданні робяць нас глухімі на Слова Божае? Нам так цяжка быць слугою нават аднаго блізкага чалавека! Хто можа сказаць пра сябе, што ён слуга сваёй жонкі, што яна слуга свайму мужу? Ці мы можам сказаць, што мы слугі сваіх бацькоў?

 

Служыць іншаму чалавеку не проста: трэба не чакаць падзякі, не чакаць пахвалы. Вось чаму, калі мы любім і служым, то мы ідзем шляхам мучаніцтва. Ці мы свядомыя гэтага і ці мы гэта жадаем?


Вярнуцца назад