Парафія сьвятога Язэпа > Навіны > Прымаць Цела і Кроў Хрыстовыя ў сьвятым Прычасьці
Прымаць Цела і Кроў Хрыстовыя ў сьвятым Прычасьці22.11.2008. |
![]() Працягваем разважаньні мітрафорнага пратаярэя Аляксандра Надсана, Апостальскага Візітатара для беларусаў Замежжа, з ягонай кніжкі “Духоўныя настаўленьні”, выдадзенай з нагоды Залатога Юбілею сьвятарства. “Я прыняў ад Госпада тое, што і вам перадаў: што Госпад Ісус у тую ноч, калі быў выданы, узяў хлеб, і аддаўшы падзяку, разламаў і сказаў: “Бярыце, ешце, гэта Цела маё, што за вас ломіцца: рабіце гэта на ўспамін аба Мне”. Таксама і чашу пасьля вячэры, кажучы: “Гэтая чаша – Новы Запавет у Маёй Крыві. Рабіце так кожны раз, калі будзеце піць, на ўспамін аба Мне”. Бо кожны раз, калі ясьцё гэты хлеб і п’еце гэтую чашу, абвяшчаеце сьмерць Гасподнюю, аж пакуль Ён ня прыйдзе”. (1 Кар 11:23-26). Эўхарыстычная малітва, або Боская Літургія, як успамін дзеі збаўленьня і адкупленьня роду людзкога, зьдзейсьненай праз Госпада нашага Ісуса Хрыста, і Тайна Ягонай прысутнасьці ў сьвятой Царкве зьяўляецца найвышэйшым і супольным актам малітвы хрысьціянскай супольнасьці. Кожная Літургія складаецца з дзьвюх асноўных частак: хвалебна-навучальнай, або Літургіі слова; і эўхарыстычнай, або Літургіі верных. Галоўнае месца ў першай частцы займае абвяшчэньне Слова Божага праз чытаньне Лістоў апосталаў і Евангельля. Вяршыняю другой часткі і ўсёй Літургіі ёсьць анафара, або ахвяраваньне. Госпад Ісус Хрыстос стаецца рэальна прысутным пад выглядам хлеба і віна пасьля таго, як сьвятар скажа словы Гасподнія: “Бярыце, ешце, гэта Цела Маё…” і “Піце з яе ўсе, гэта Кроў мая…”. Годным заканчэньнем Боскай Літургіі ёсьць Прычасьце, або прыняцьце Цела і Крыві Гасподніх. У бізантыйскім абрадзе ёсьць дзьве Літургіі: Яна Залатавуснага і Базыля Вялікага. Першая з іх служыцца звычайна амаль праз усе дні году, а другая дзесяць разоў на год: у першыя пяць нядзеляў Вялікага Посту, Вялікія Чацьвер і Суботу, напярэдадні Раства і Багазьяўленьня, і 1 студзеня. Вонкава дзьве Літургіі ня розьняцца між сабою. Галоўная розьніца між імі – у малітвах святара. Удзел у Літургіі ў нядзелі і сьвяты абавязковы для ўсіх хрысьціянаў. Царква заахвочвае вернікаў браць удзел у Сьвятой Літургіі як найчасьцей, нават кожны дзень, а таксама часта прымаць Цела і Кроў Хрыстовыя ў сьвятым Прычасьці. Фрагмент з кнігі мітрафорнага пратаярэя Аляксандра Надсана: „Духоўныя настаўленьні”, выдадзенай Грэка-каталіцкай парафіяй сьвятапакутніка Язафата ў г. Полацку (Полацк 2008) з нагоды 50-годзьдзя Ягонага сьвятарства. Вярнуцца назад |