Парафія сьвятога Язэпа > Казаньні і гаміліі > НЯДЗЕЛЯ САМАРАНКІ

НЯДЗЕЛЯ САМАРАНКІ


14.05.2022.
Разбурэньне бар'ераў


У імя Айца і Сына і Сьвятога Духа.

Дарагія браты і сёстры!


Сёньняшняе Евангельле раскрывае праўду аб узаемаадносінах паміж людзьмі і стаўленьне Ісуса да іх у незвычайным сьвятле. Для тагачаснага, сучаснага Ісусу разуменьня ўзаемаадносінаў паміж юдэямі і не юдэямі ўвогуле, паміж прадстаўнікамі варожых адзін да аднаго рэлігійных і нацыянальных лагераў (самаранамі і юдэямі), паміж настаўнікамі (равінамі, да якіх у вачах іншых належыў Ісус) і жанчынамі, учынак Ісуса быў рэвалюцыйным. Пакуль Ісус, стаміўшыся і чакаючы сваіх вучняў, якія пайшлі за ежай, прысеў каля студні, да яе падышла самаранка.

Застаецца загадкай, чаму ёй спатрэбілася прыйсьці туды, бо студня знаходзілася на адлегласьці каля аднаго кіламетру ад Сыхара, дзе яна жыла, і там напэўна была вада. Можа быць, яе лічылі гэтак амаральнай, што жанчыны праганялі яе ад вясковай студні, і яна змушаная была хадзіць за вадой сюды. Такім чынам, у сваім грамадзтве яна лічылася ізгоем – чужой. Ісус папрасіў у яе напіцца, а яна са зьдзіўленнем адказала: "Я самаранка, а Ты – юдэй", – сказала яна, – як жа Ты можаш прасіць у мяне напіцца?"

Калі Хрыстос размаўляў з самаранкай, Яго вучні дзівіліся: як Ён можа размаўляць з чужым чалавекам, а тым больш – з жанчынай-самаранкай? Перад гэтым яны пайшлі наперад купіць ежы ў самаранскім горадзе. Заўважым, што з імі, хутчэй за ўсё, ужо пачыналі рабіцца нейкія зьмены. Да знаёмства з Ісусам ім, верагодней за ўсё, і ў галаву не прыйшло б купляць ежу ў самаранскім горадзе. У іх сьвядомасці патрошку, можа быць нават неўсьвядомлена, руйнаваліся бар'еры.

Вучні, якія яшчэ да нядаўняга часу дзялілі людзей на сваіх і чужых, пачынаюць разумець, што Хрыстос усіх ахінае адной любоўю. Мы пакліканыя, стаўшы Хрыстовымі, ставіцца да ўсіх, як Ісус, дзеля якіх Ён прыйшоў на зямлю, дзеля якіх Айцец аддаў Свайго Адзінароднага Сына на сьмерць.

Евангеліст Ян вельмі яскрава паказвае тут цёплую спагаду Ісуса да ўсіх. Самаранка ў жаху ўцякла б ад звычайнага рэлігійнага фанатыка або артадаксальнага рэлігійнага кіраўніка і ўвогуле ад юдэя. Яна пазьбягала б сустрэч з такім. Калі б нават ён загаварыў з ёй, што вельмі малаверагодна, яна сустрэла б яго сарамлівым або нават варожым маўчаньнем. Але размаўляць з Ісусам падалося ёй самай звычайнай справай. Яна сустрэла сябра, а не крытыка, які не асуджаў, не навучаў, але разумеў.

Паўстае пытаньне: ці так мы ставімся да людзей? Ці не дзелім мы іх на „сваіх” і на „чужых”, на сяброў і на ворагаў? Мы пакліканыя не да сяброў Божых, а да „ворагаў” Божых ісьці з добрай весткай аб збаўленьні, з добрай весткай аб новым жыцьці, якое ў Богу, і якое Ім даецца як дар. Калі мы аглядаемся на хрысьціянскае грамадзтва, на сваю Царкву і на ўсе Цэрквы, якія імем Хрыста сябе завуць – няўжо мы не жахаемся пры думцы, што нас столькі, а слова Божае гіне ў нашым грамдзтве? Прагучыць – і памрэ, і больш нічога не чуваць. Мы пакліканыя Хрыстом стаць Яго прысутнасьцю на зямлі, Яго сьведкамі. Мы пакліканыя быць на зямлі як бы працягам Яго ўвасобленай прысутнасьці. Больш таго – прысутнасьцю і Хрыста, і Духа Сьвятога, які жыве ў нас.

І што? – мільёны вакол нас прагнуць, прагнуць слова ісьціны, прагнуць слова надзеі, слова любові, слова веры, прагнуць, каб да іх прыйшоў весьнік ад Хрыста, у якім яны маглі б пазнаць Таго, Хто яго паслаў: Збаўцу, не Суддзю, а Сябра. Мільёны прагнуць, мільёны згаладаліся, а мы жывем замкнёным, абмежаваным жыцьцём стэрэятыпаў і варожасьці.

Задумаймася ж над той праўдай аб нас і аб тым, што Хрыстос хоча данесьці нам праз гэты ўрывак Евангельля. Хрыстос прыйшоў да ўсіх, Ён нас запрашае руйнаваць бар'еры варожых і абмежаваных узаемаадносінаў паміж людзьмі. Бога мы павінны ўшаноўваць Духам і Праўдай. Але гэты Дух, гэтая Праўда павінны праменіць праз нас. Мы пасланыя ў сьвет, мы ўсе апосталы Хрыстовыя, мы – сьведкі Ягоныя, і праз нас будуць пазнаваць Хрыста. Задумаемся над нашай адказнасьцю, і з радасьцю падзелімся тым багацьцем, тым шчасьцем, той верай і надзеяй, той радасьцю, той перамогай над грахом, якія дае нам Хрыстос. Амін.

Вярнуцца назад