Парафія сьвятога Язэпа > Навіны > На першым працоўным пасяджэнні Беларускай асацыяцыі касцёльнага права было абрана яе пастаяннае кіраўніцтва

На першым працоўным пасяджэнні Беларускай асацыяцыі касцёльнага права было абрана яе пастаяннае кіраўніцтва


27.11.2024.

На першым працоўным пасяджэнні Беларускай асацыяцыі касцёльнага права было абрана яе пастаяннае кіраўніцтваУ панядзелак 25 лістапада ў Бараўлянах пад Мінскам адбылося першае працоўнае пасяджэнне Беларускай асацыяцыі касцёльнага права.


Урачыстая інаўгурацыя дзейнасці асацыяцыі прайшла ў красавіку бягучага года, калі таксама было абрана часовае кіраўніцтва.

 

Мэтай асацыяцыі з’яўляецца папулярызацыя і развіццё касцёльнага права ў Беларусі праз навуковую дзейнасць, стварэнне трывалай асновы для плённага супрацоўніцтва паміж дыяцэзіямі і манаскімі супольнасцямі дзеля павышэння кваліфікацыі, а таксама падтрымане каштоўнага абмену вопытам паміж спецыялістамі ў галіне касцёльнага права.

 

На сустрэчы прысутнічалі высокія госці: Старшыня Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі, Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Юзаф Станеўскі, намеснік Старшыні ККББ біскуп Віцебскі Алег Буткевіч, Генеральны сакратар ККББ біскуп Юрый Касабуцкі, дапаможны біскуп Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Аляксандр Яшэўскі SDB, дапаможны біскуп Пінскай дыяцэзіі Андрэй Зноска, Апостальскі адміністратар для католікаў візантыйскага абраду ў Беларусі архімандрыт Сяргей Гаек, а таксама часовы павераны ў справах Святога Пасаду ў Беларусі ксёндз прэлат Кшыштаф Сэрока.

 

На пачатку сустрэчы прадстаўнік Апостальскай Сталіцы звярнуўся да прысутных з прывітальным словам і перадаў прывітанне ад былога нунцыя ў Беларусі арцыбіскупа Антэ Ёзіча, які зрабіў значны ўнёсак у развіццё касцёльнага права ў Беларусі. Сярод прысутных былі таксама афіцыялы касцёльных судоў, кананісты і спецыялісты ў галіне кананічнага права.

 

З уступным словам да прысутных звярнуўся старшыня часовага кіраўніцтва асацыяцыі ксёндз Віктар Гайдукевіч SDB. Ён прывітаў ганаровых гасцей і ўдзельнікаў сустрэчы, падкрэсліўшы гістарычнае значэнне гэтай падзеі. У сваім выступленні святар выкарыстаў сімволіку старажытнага моста Алькантара ў Іспаніі, які больш за тысячу гадоў захоўвае сваю трываласць. Галоўная асаблівасць моста ў Алькантары — гэта яго арка. Менавіта яна размяркоўвае нагрузку і перадае яе на апоры, што забяспечвае стабільнасць канструкцыі нават пры высокай нагрузцы.

 

Гэтак жа, паводле ксяндза Віктара, асацыяцыя можа стаць такім жа мостам, які будзе злучаць спецыялістаў касцёльнага права і раўнамерна размяркоўваць «нагрузку»: шматлікія задачы, выклікі і абавязкі ў галіне кананічнага права і такім чынам рабіць значны ўнёсак у развіццё каталіцкага Касцёла ў Беларусі, з’яўляючыся для яго надзейным падмуркам.

 

У першай палове сустрэчы былі прадстаўлены тры даклады. Біскуп Яшэўскі як непасрэдны ўдзельнік сесіі Сіноду Біскупаў у Рыме выступіў з паведамленнем на тэму «Сінадальнасць у Касцёле». У ім іерарх засяродзіўся на правільным разуменні і значэнні сінадальнасці ў паўсюдным Касцёле.

 

Біскуп Зноска прадставіў даклад на тэму «Перарэгістрацыя рэлігійных арганізацый у Беларусі».

 

Асаблівая ўвага ў дакладзе іерарха была нададзена працэсу перарэгістрацыі рэлігійных арганізацый, а таксама складанасцям і магчымасцям, звязаным з гэтым працэсам.

 

Апошнім дакладчыкам стаў ксёндз канонік Аляксей Ляшко, афіцыял касцёльнага суда Віцебскай дыяцэзіі, які прадставіў даклад на тэму «Служэнне праўдзе ў працэсе сцвярджэння нядзейснасці сужэнства». У дакладзе разглядалася, як праз пошук праўды ў працэсах аб сцвярджэнні нядзейснасці сужэнстваў рэалізуецца справядлівасць у дзейнасці касцёльных судоў.

 

Другая частка пасяджэння распачалася правядзеннем выбараў кіраўніцтва асацыяцыі. У выніку старшынёй асацыяцыі быў абраны ксёндз Віктар Гайдукевіч SDB, намеснікам старшыні — ксёндз Аляксей Ляшко, сакратаром-скарбнікам — ксёндз канонік Дзмітрый Пухальскі. У раду ўвайшлі ксёндз канонік Кірыл Бардонаў і грэка-каталіцкі святар Яўген Усошын, а ў рэвізійную камісію — сястра Міраслава Капцюк OP, ксёндз Павел Мазан і ксёндз канонік Валерый Орсік.

 

Завяршыў другі этап сустрэчы момант свабоднай дыскусійнай пляцоўкі, на якой была дадзена магчымасць абмеркаваць важныя пытанні, што хвалююць правапрымяняльнікаў, прапанаваць новыя тэмы для даследавання або разгляду ў межах дзейнасці асацыяцыі, шукаць сумесныя рашэнні і ініцыятывы, якія могуць умацаваць супольнасць, альбо проста выказаць сваё меркаванне.

 

На заканчэнне мерапрыемства удзельнікі сабраліся ў парафіяльнай капліцы на святой Імшы, цэлебрацыю якой узначаліў арцыбіскуп Станеўскі. У прамоўленай гаміліі іерарх звярнуўся да ўдзельнікаў са словамі натхнення, нагадаўшы пра заклік Папы Францішка любіць справядлівасць, праўду і міласэрнасць. Ён таксама адзначыў, што служэнне кананістаў павінна выходзіць за межы фармальнага выканання закону, становячыся сапраўдным душпастырствам.

 

Арцыбіскуп Юзаф Станеўскі пажадаў, каб дзейнасць асацыяцыі ўмацоўвала Каталіцкі Касцёл у Беларусі, абапіраючыся на міжнародны вопыт і вучэнне Касцёла.

 

Пасяджэнне стала важным крокам у развіцці касцёльнага права ў Беларусі і заклала трывалую аснову для далейшай працы асацыяцыі.

 

На першым працоўным пасяджэнні Беларускай асацыяцыі касцёльнага права было абрана яе пастаяннае кіраўніцтваНа першым працоўным пасяджэнні Беларускай асацыяцыі касцёльнага права было абрана яе пастаяннае кіраўніцтваНа першым працоўным пасяджэнні Беларускай асацыяцыі касцёльнага права было абрана яе пастаяннае кіраўніцтваНа першым працоўным пасяджэнні Беларускай асацыяцыі касцёльнага права было абрана яе пастаяннае кіраўніцтва

 

Тэкст і фота: Уладзіслаў Зарэцкі ASC / Catholic.by


Вярнуцца назад