Парафія сьвятога Язэпа > Навіны > Папа Францішак устанавіў дзень ушанавання памяці мясцовых святых

Папа Францішак устанавіў дзень ушанавання памяці мясцовых святых


16.11.2024.
Папа Францішак устанавіў дзень ушанавання памяці мясцовых святыхПапа заахвоціў Касцёл ва ўсім свеце зрабіць 9 лістапада днём ушанавання памяці сваіх мясцовых святых, благаслаўлёных, а таксама сведкаў веры, працэс беатыфікацыі якіх яшчэ працягваецца.

 

“На працягу літургічнага года Касцёл публічна ўшаноўвае, у вызначаныя даты і спосабы, святых і благаслаўлёных. Аднак, мне здаецца важным, каб усе мясцовыя Касцёлы ўспаміналі ў адзін дзень святых і благаслаўлёных, а таксама Слугаў Божых сваіх тэрыторый”, - напісаў Папа ў лісце, які быў абнародаваны 16 лістапада 2024 года. (ПОЎНЫ ТЭКСТ)

 

“Гаворка ідзе не пра ўвядзенне новага ўспаміну ў літургічны каляндар, а пра тое, каб спрыяць адпаведным ініцыятывам па-за літургіяй, альбо нагадваць падчас яе, напрыклад, у гаміліі ці ў іншы адпаведны момант, пра тыя постаці, якія характарызуюць мясцовы хрысціянскі шлях і духоўнасць”, - патлумачыў Пантыфік, заклікаючы “мясцовыя Касцёлы, пачынаючы з Юбілею 2025 года, успамінаць і ўшаноўваць гэтыя постаці святасці штогод 9 лістапада, у свята гадавіны пасвячэння Латэранскай базілікі”.

 

“Гэта дазволіць паасобным дыяцэзіяльным супольнасцям нанава адкрыць ці захаваць памяць пра выбітных вучняў Хрыста, якія пакінулі жывы след прысутнасці ўваскрослага Пана і да сёння з’яўляюцца надзейнымі праваднікамі на агульным шляху да Бога, абараняючы і падтрымліваючы нас”, - падкрэсліў Святы Айцец, адзначаючы, што душпастырскія ўказанні і кіруючыя прынцыпы для гэтай мэты могуць быць распрацаваны і прапанаваны Канферэнцыямі Біскупаў.

 

У сваім лісце Папа заўважыў, што ў Апостальскай адгартацыі Gaudete et exsultate хацеў нагадаць пра ўсеагульны заклік да святасці, які адпавядае таксама словам Другога Ватыканскага Сабора пра тое, што “ўсе хрысціяне любога стану і прафесіі пакліканы да паўнаты хрысціянскага жыцця і дасканалай любові” (Lumen gentium, 40).

 

“Кожны можа пазнаць у многіх людзях, якіх сустрэў на сваім шляху, сведкаў хрысціянскіх цнотаў, асабліва веры, надзеі і любові: сужонкаў, якія верна пражылі сваю любоў, адкрываючыся жыццю; мужчын і жанчын, якія праз розныя віды працоўнай дзейнасці падтрымлівалі свае сем’і і садзейнічалі пашырэнню Божага Валадарства; падлеткаў і моладзь, якія з энтузіязмам ішлі за Езусам; пастыраў, якія праз служэнне вылівалі дары ласкі на святы Божы народ; манахаў і манахінь, якія, жывучы паводле евангельскіх парад, былі жывым вобразам Хрыста-Жаніха. Мы не можам забыць пра ўбогіх, хворых, пакутуючых, якія ў сваёй слабасці знайшлі падтрымку ў Боскім Настаўніку. Гэта тая “штодзённая” святасць і святасць “па суседству”, якой заўсёды багаты Касцёл, распаўсюджаны па ўсім свеце”, - адзначыў Пантыфік.

 

Францішак падкрэсліў, што “мы пакліканы дазволіць натхніць сябе гэтымі ўзорамі святасці, сярод якіх вылучаюцца перш за ўсё мучанікі, што пралілі сваю кроў за Хрыста, і тыя, хто быў беатыфікаваны і кананізаваны, каб быць прыкладамі хрысціянскага жыцця і нашымі заступнікамі”.

 

“Падумаем таксама пра вялебных, мужчын і жанчын з прызнаным гераічным цнотамі, пра тых, хто ў асаблівых абставінах зрабіў са свайго жыцця ахвяру любові для Пана і братоў, а таксама пра Слугаў Божых, справы беатыфікацыі і кананізацыі якіх знаходзяцца ў працэсе. Гэтыя працэсы паказваюць, наколькі сведчанне святасці прысутнічае і ў наш час, калі як светачы ззяюць (пар. Флп 2,15) вялікія сведкі веры, што пакінулі след у досведзе мясцовых Касцёлаў і адначасова зрабілі плённай гісторыю. Усе яны – нашы сябры, спадарожнікі, якія дапамагаюць нам цалкам рэалізаваць хроснае пакліканне і паказваюць нам найпрыгажэйшае аблічча Касцёла, які святы і з’яўляецца Маці Святых”, - напісаў Пантыфік.

 

Аляксандр Панчанка – Vatican News


Вярнуцца назад