Парафія сьвятога Язэпа > Навіны > Знак Боскае Міласэрнасьці

Знак Боскае Міласэрнасьці


21.11.2008.
Знак Боскае Міласэрнасьці
Да 50-х угодкаў сьвятарства мітрафорнага пратаярэя Аляксандра Надсана

Разважаньні а. Аляксандра Надсана з кніжкі “Духоўныя настаўленьні”,
выдадзенай з нагоды Ягонага Залатога Юбілею сьвятарства.


“Калі мы вызнаем нашыя грахі, то Ён, будучы верным і праведным, прабачыць нам нашыя грахі і ачысьціць нас ад усялякае няправеднасьці” (1 Ян 1:9).

У тайне Хросту мы атрымалі поўнае вызваленьне ад грахоў. Апостал кажа, што праз хрост мы былі пахаваныя з Хрыстом, каб разам з Ім увайцсьці ў новае жыцьцё (гл. Рым 6:4), і заканчвае: “Так і разумейце, што вы памерлі для граху, а жывеце для Бога ў Хрысьце Ісусе” (Рым 6:11). Гэта аднак, не азначае, што з намі ўсе добра. Хрост не вызваляе нас ад нашых слабасьцяў, пажаданьняў і нахілаў.

Сутнасьць такога канфліктнага становішча добра акрэсьліў сьвяты Павал : “У маіх членах спасьцерагаю іншы закон, які ваюе з законам майго розуму і паднявольвае мяне закону граху” (Рым 7:23). У выніку гэтага часта “Не раблю дабра, якое хачу, але злое, якога не хачу” (Рым 7:19). Рабіць сьвядома нешта дрэннае – гэта і ёсьць грэх. А кожны грэх аддаляе або зусім адлучае нас ад Бога.

На жаль, у нашай слабасьці мы ўсе грашым. Апостал Ян піша: “Калі кажам, што ня маем граху – ашукваем сябе” (1 Ян 1:8). Аднак Бог у сваёй дабрыні ня хоча, каб мы гінулі ў граху, але каб пакаяліся і вярнуліся да Яго, бо “у небе будзе больш радасьці з аднаго грэшніка, які пакаяўся, як з дзевяноста дзевяці праведнікаў” (Лк 15:7). Ён заўсёды гатовы прабачыць нам, калі мы, усьвядоміўшы свой грэх, са скрухаю прызнаемся ў ім і папросім прабачэньня.

Госпад Ісус Хрыстос даў вучням сваім уладу адпускаць грахі, калі пасьля свайго ўваскрасеньня сказаў ім: “Прыміце Духа Сьвятога. Каму адпусьціце грахі, таму будуць адпушчаныя; каму затрымаеце, на тым застануцца” (Ян 20:23; гл.таксама Мц 18:18). Цяпер у Царкве гэтую ўладу маюць іхнія пераемнікі – біскупы і ўпаўнаважаныя імі сьвятары, - якія выконваюць яе ў тайне споведзі.

Сутнасьць гэтай тайны ў тым, што Бог, які адзіны мае ўладу адпускаць грахі, праз пасярэдніцтва сьвятара адпускае правіны грэшніку, які шчыра і са скрухаю прызнаецца ў іх, і пакажа намер выпраўленьня і направы зробленай ім крыўды ці шкоды [...].

Тайна споведзі – знак вялікай Божай любові і міласэрнасьці да нас: кожны раз, калі нам надарыцца ўчыніць грэх, Ён дае нам магчымасьць пачаць ўсё нанова.

Фрагмент з кнігі аўтарытэтнага беларускага сьвятара, мітрафорнага пратаярэя Аляксандра Надсана, „Духоўныя настаўленьні”, выдадзенай Грэка-каталіцкай парафіяй сьвятапакутніка Язафата ў г. Полацку (Полацк 2008) з нагоды 50-годзьдзя Ягонага сьвятарства.
Кніга накіравана да хрысьціянаў Беларусі як дапаможнік для іхняга духовага жыцьця.

Вярнуцца назад