Парафія сьвятога Язэпа > Навіны > У Ружанах на Брэстчыне з удзелам іерархаў распачалося святкаванне 100-годдзя Пінскай дыяцэзіі
У Ружанах на Брэстчыне з удзелам іерархаў распачалося святкаванне 100-годдзя Пінскай дыяцэзіі1.10.2024. |
28 верасня ў Ружанах (Пінская дыяцэзія, Пружанскі дэканат) адбылося ўрачыстае адкрыццё юбілею сотай гадавіны ад заснавання Пінскай дыяцэзіі. Менавіта 28 кастрычніка 1925 года Папа Пій ХІ заснаваў гэтую дыяцэзію, якая сёння ахоплівае тэрыторыю ўсяго беларускага Палесся і з’яўлецца самай вялікай па плошчы каталіцкай дыяцэзіяй у нашай краіне.
Святкаванне яе сотай гадавіны распачалося ў Ружанах, а кульмінацыйным момантам стане ўрачыстасць у дзень заснавання — 28 кастрычніка 2025 года, якая адбудзецца ў пінскай катэдральнай базыліцы.
Святкаванне ў Ружанах распачалося са святой Імшы і благаслаўлення адрэстаўраванай гістарычнай капліцы святога Казіміра. Гэтая святыня была ўзведзена ў XVIII стагоддзі ў памяць пра захванне рэліквій святога ў XVII стагоддзі ў ружанскім касцёле дзякуючы старанням мясцовага княскага роду Сапегаў. Цэлебрацыю ўрачыстай святой Імшы з нагоды гістарычнай падзеі ўзначаліў біскуп Пінскі Антоні Дзям’янка. У цэлебрацыі ўзялі ўдзел таксама дапможны біскуп Пінскай дыяцэзіі Андрэй Зноска, Апостальскі адміністратар для грэка-католікаў Беларусі архімандрыт Сяргей Гаек, шматлікія святары, кансэкраваныя асобы і свецкія вернікі з розных парафій Пінскай дыяцэзіі.
Звяртаючыся да вернікаў, біскуп Дзям’янка запрасіў сабраных уключыцца ў малітоўны акт падзякі Пану Богу за шчодрыя ласкі, якімі Ён адорвае дыяцэзію ўжо на працягу стагоддзя.
Яшчэ раз іерарх падкрэсліў, што гэтая ўрачыстасць — толькі пачатак святкавання, якое будзе адбывацца ў розных мясцінах Пінскай дыяцэзіі на працягу ўсяго юбілейнага года.
Гамілію падчас святой Імшы прамовіў да сабраных біскуп Зноска. Ён запрасіў вернікаў цаніць каштоўнасць кожнага, нават найменшага, унёску ў справу захвання і развіцця духоўнай і матэрыяльнай спадчыны Касцёла.
Літургія завяршылася ўрачыстай працэсіяй з рэліквіямі і адмысловым абразом святога Казіміра, які быў выкананы знакамітым майстрам і заслужаным дзеячам мастацтваў Беларусі Мікалаем Кузьмічом, вядомым як аўтар адноўленага шэдэўра духоўнай спадчыны нашага народа — крыжа Еўфрасінні Полацкай.
У памяць пра захванне рэліквій святога Казіміра і каб даць магчымасць як мага большай колькасці вернікаў ушанаваць гэтага святога заступніка нашага краю, урачыстая працэсія з часцінкай яго рэліквій у адмысловым рэлікварыі і каштоўным абразом спачатку прайшла праз усё мястэчка ад капліцы святога Казіміра да замка Сапегаў.
Каб даць магчымасць удзельнікам урачыстасці адчуць тую адмысловую атмасферу, калі Ружаны ў XVII стагоддзі прымалі рэліківіі святога Казіміра, у працэсіі ўзялі ўдзел прадстаўнікі клубаў гістарычнай рэканструкцыі. Дзякуючы іх старанням рыцары, коннікі, сярэднявечныя музыкі, дамы і кавалеры, якія суправаджалі ў шэсці з харугвамі святароў з рэліківямі святога да алтара на тэрыторыі гістарычнага Ружанскага замку, а пасля — у парафіяльны касцёл, стварылі незабыўную атмасферу, дзякуючы якой шматлікія вернікі і госці ўрачыстасці змаглі пагрузіцца ў перажыванне багатай гісторыі Касцёла на гэтай зямлі.
Яшчэ адной важнай пляцоўкай святкавання стаў старадаўні касцёл Найсвяцейшай Тройцы ў Ружанах. Пасля святой Імшы і працэсіі з рэліквіямі святога Казіміра вернікі на чале з іерархамі ўзялі ўдзел у афіцыйным адкрыцці юбілейнага года дыяцэзіі на тэрыторыі парафіяльнага касцёла. Пасля прывітальнага слова біскупа Дзям’янкі сабраныя пачулі даклад па гісторыі Пінскай дыяцэзіі, які прадставіў увазе сабраных ксёндз доктар Юрый Дрозд.
Таксама ўсе вернікі і госці сталі ўдзельнікамі прэзентацыі кніг, выдадзеных з нагоды ўрачыстасці: «Даведніка Пінскай дыяцэзіі», падрыхтаванага дыяцэзіяльнай курыяй, а таксама ўнікальнай кнігі пра багатую сакральную спадчыну мясцовага рэгіёна: «Каталіцкія святыні. Пружанскі дэканат».
Гэтае выданне, падрыхтаванае дзякуючы руплівай даследчыцкай працы Аляксея Яроменкі, стала сапраўднай падзеяй і імпульсам для працы над падобнымі кнігамі пра духоўную спадчыну іншых дэканатаў Пінскай дыяцэзіі.
Важным момантам урачыстасці стала благаслаўленне адрэстаўраванага старадаўняга барочнага аргана ў ружанскім касцёле. Яго прэзентацыю здзейсніў Аляксандр Бурдзялёў — мастацкі кіраўнік фестываля арганнай музыкі Ars Мagna Organi, які непасрэдна займаўся аднаўленчымі працамі.
Малітву благаслаўлення адноўленага аргана прачытаў біскуп Антоні Дзям’янка, а абрад акраплення асвячонай вадой здзейсніў біскуп Андрэй Зноска.
Усе сабраныя вернікі і госці ўрачыстасці змаглі таксама пачуць музычныя творы эпохі барока, напісаныя кампазітарамі таго часу менавіта для такога інструмента сваёй эпохі.
Урачыстасць завяршылася канцэртам сучаснай хрысціянскай музыкі на тэрыторыі Ружанскага замка, дзе выступілі ўдзельнікі праекта «Рыбы», а таксама сталічны каталіцкі гурт Verbum Dei.
Тэкст: Кс. Андрэй Рылка / Фота: бр. Корнэль Консэк SVD / Catholic.by Вярнуцца назад |