Парафія сьвятога Язэпа > Навіны > Папа: прыкладаць намаганні для сумеснага святкавання Пасхі

Папа: прыкладаць намаганні для сумеснага святкавання Пасхі


24.09.2024.
Папа: прыкладаць намаганні для сумеснага святкавання ПасхіТэме сумеснага святкавання Пасхі была прысвечана сустрэча Святога Айца з дэлегацыяй экуменічнай групы Pasqua Together 2025, якая адбылася 19 верасня 2024 года ў Ватыкане.

 

Францішак уручыў сваім гасцям тэкст прамовы, у якім назваў “важным знакам” тое, што ў 2025 годзе – Юбілейным у Каталіцкім Касцёле – па прычыне супадзення календароў хрысціяне ўсіх канфесій будуць святкаваць Пасху ў адзін дзень. Да гэтага дадаецца 1700-годдзе першага Экуменічнага Сабора ў Нікеі, на якім акрамя Сімвала веры, абмяркоўвалася і тэма даты святкавання Пасхі, бо ўжо ў той час існавалі розныя традыцыі, - падкрэсліў Пантыфік.

 

“Ужо не раз да мяне звярталіся з просьбай знайсці рашэнне гэтага пытання, каб сумеснае святкаванне дня Уваскрасення перастала быць выключэннем, а стала нормай”, - напісаў Папа, заклікаючы ўсіх, хто спрыяе дасягненню гэтай мэты, “праяўляць настойлівасць і прыкладаць усе намаганні ў пошуках магчымай еднасці, пазбягаючы ўсяго, што можа прывесці да далейшых падзелаў паміж братамі”.

 

Францішак заклікаў памятаць, што Пасха адбываецца не па нашай ініцыятыве ці ў адпаведнасці з тым ці іншым календаром: пасхальная падзея адбылася таму што Бог “так палюбіў Бог свет, што аддаў Сына свайго Адзінароднага, каб кожны, хто верыць у Яго, не загінуў, але меў жыццё вечнае” (Ян 3,16).

 

“Давайце не будзем забываць пра прымат Бога, пра яго primerear, пра тое, што гэта Ён зрабіў першы крок. Давайце не будзем закрывацца ў нашых схемах, нашых задумах, нашых календарах, у “нашай” Пасхе. Пасха – Хрыстова! А нам будзе карысна прасіць аб ласцы, каб усё больш станавіліся Яго вучнямі, дазваляючы Яму ўказваць шлях, якім трэба ісці, і з пакорай прымаючы заклік, скіраваны аднойчы да Пятра – ісці за Ім, а не думаць пра тое, што чалавечае, а пра тое, што Божае (пар. Мк 8,33)”, - адзначыў Пантыфік, заклікаючы прадстаўнікоў розных канфесій працягваць супольную дзейнасць, даючы сведчанне еднасці і разам просячы Валадара супакою аб Яго міры, асабліва для Святой Зямлі.

 

Аляксандр Панчанка - Vatican News


Вярнуцца назад