Парафія сьвятога Язэпа > Навіны > Папа Францішак: прыгажосць Усходніх Цэркваў зранена войнамі
Папа Францішак: прыгажосць Усходніх Цэркваў зранена войнамі27.06.2024. |
Многія Усходнія Цэрквы сталі Цэрквамі-мучаніцамі. Мы не можам заставацца абыякавымі да іх пакут. Вайна – гэта бессэнсоўная і безвыніковая авантура, - нагадаў Святы Айцец.
27 чэрвеня 2024 года Францішак прыняў на аўдыенцыі ўдзельнікаў 97-й пленарнай сесіі Асамблеі ініцыятыў дапамогі Усходнім Цэрквам (ROACO). Яна аб’ядноўвае арганізацыі, якія аказваюць фінансавую падтрымку каталіцкім супольнасцям усходняга абраду ў розных сферах іх дзейнасці: ад будаўніцтва храмаў і вылучэння стыпендый да працы адукацыйных і медыцынскіх устаноў. Структура дзейнічае пад кіраўніцтвам прэфекта Дыкастэрыі па справах Усходніх Цэркваў. З 2022 года гэту пасаду займае кардынал Клаўдыё Гуджэроці.
Параненая прыгажосць
Папа заўважыў, што Усходнія Цэрквы “павінны быць любімымі”, бо “захоўваюць выключныя традыцыі духоўнасці і мудрасці, могуць шмат расказаць нам пра хрысціянскае жыццё, сінадальнасць і літургію”, узбагачаюць “каталіцкае адзінства веліччу сваёй гісторыі і самабытнасці”.
“Але гэта прыгажосць паранена. Многія Усходнія Цэрквы раздаўлены цяжкім крыжам і сталі “Цэрквамі-мучаніцамі”: яны носяць на сябе стыгматы Хрыста. Так, як цела Пана было прабіта цвікамі і дзідай, так і многія ўсходнія супольнасці зранены і сыходзяць крывёй з-за канфліктаў і гвалту, ад якіх пакутуюць”, - сказаў Пантыфік, нагадваючы пра цяжкую сітуацыю ў Святой Зямлі, Украіне, Сірыі, Ліване, Каўказскім рэгіёне і Тыграі.
“Мы не можам заставацца раўнадушнымі”, - падкрэсліў Святы Айцец, заклікаючы “працягваць падтрымліваць Усходнія Каталіцкія Цэрквы, дапамагаючы ім у гэтыя драматычныя часы цвёрда трымацца Евангелля”. “Няхай з вашай дапамогай яны змогуць папоўніць тое, што грамадзянская ўлада павінна забяспечыць самым слабым і абяздоленым, але не можа, не ўмее ці не хоча рабіць гэтага”, - дадаў ён.
Зерні дабра прарастуць
Пантыфік падзякаваў прадстаўнікам ініцыятыў дапамогі Усходнім Цэрквам за працу, называючы іх евангелізатарамі, удзельнікамі місіі Касцёла, носьбітамі любові Езуса і сейбітамі надзеі. “Дзякуй вам за тое, што вы адказваеце на разбурэнні аднаўленнем, на пазбаўленне годнасці – вяртаннем надзеі, на слёзы дзяцей – усмешкай тых, хто любіць, на злосную логіку ўлады – хрысціянскай логікай служэння. Зерні, якія вы пасадзіце ў глебу, забруджаную нянавісцю і вайной, прарастуць. І яны стануць прароцтвам пра іншы свет, які верыць не ў права мацнейшага, а ў сілу бяззбройнага міру”, - сцвердзіў Францішак.
Вайна – бессэнсоўная і безвыніковая авантура
“Я ведаю, што ў апошнія дні вы звярталі ўвагу на драматычную сітуацыю ў Святой Зямлі: там, дзе ўсё пачалося, дзе апосталы атрымалі заданне ісці ў свет, каб абвяшчаць Евангелле, сёння вернікі ўсяго свету пакліканы даць адчуць сваю блізкасць; і заклікаць хрысціян там і на ўсім Блізкім Усходзе быць мацнейшымі за спакусу пакінуць свае землі, якія раздзіраюцца канфліктамі. Колькі болю прычыняе вайна, яшчэ больш лютая і абсурдная там, дзе было абвешчана Евангелле міру! Тым, хто падсілкоўвае спіраль канфлікту і нажываецца на ім, я паўтараю: спыніцеся! Спыніцеся, бо гвалт ніколі не прынясе міру. Неабходна тэрмінова спыніць агонь, правесці сустрэчы і дыялог, каб дазволіць розным народам суіснаваць – гэта адзіны магчымы шлях да стабільнай будучыні. У выпадку вайны, бессэнсоўнай і безвыніковай авантуры, ніхто не будзе пераможцам: усе будуць пераможаны. Давайце прыслухаемся да тых, хто пакутуе ад наступстваў, напрыклад, да ахвяр і людзей, якія жывуць у нястачы, але давайце таксама прыслухаемся да воклічаў моладзі, простых людзей і народаў, якія стаміліся ад ваяўнічай рыторыкі, ад бясплённых рэфрэнаў, якія заўсёды вінавацяць іншых, падзяляючы свет на добрых і дрэнных, ад лідараў, якія не могуць сесці за стол перамоў, каб знайсці пасярэднікаў і прасунуць рашэнні”, - сказаў Папа.
Няхай адкрыюцца пробліскі міру для Украіны
“Я таксама думаю пра трагічную драму змучанай Украіны, за якую я малюся і не стамляюся запрашаць да малітвы: няхай пробліскі міру адкрыюцца для гэтага дарагога народу, няхай будуць вызваленыя ваеннапалонныя і рэпатрыяваныя дзеці. Прасоўванне міру і вызваленне зняволеных – адметныя знакі хрысціянскай веры, якая не можа быць зведзена да інструмента ўлады. У гэтыя дні вы таксама надавалі ўвагу гуманітарнай сітуацыі перамешчаных асоб у Карабахскім рэгіёне: дзякую вам за ўсё, што было зроблена і будзе зроблена для дапамогі тым, хто пакутуе”, - дадаў Святы Айцец.
Пантыфік заклікаў дапагамаць вернікам Усходніх Цэркваў, якія былі вымушаны пакінуць свае краіны і жывуць за мяжой, каб яны не згубілі сваю рэлігійную тоеснасць.
Аляксандр Панчанка - Vatican News Вярнуцца назад |