Парафія сьвятога Язэпа > Навіны > НА ШЛЯХУ да свята ВЯРХОЎНЫХ АПОСТАЛАЎ ПЯТРА і ПАЎЛА - IV i V дні Навены
НА ШЛЯХУ да свята ВЯРХОЎНЫХ АПОСТАЛАЎ ПЯТРА і ПАЎЛА - IV i V дні Навены24.06.2024. |
|
ДЗЕНЬ ІV (24.06) Кандак 4 (Паўла) Ты зьдзівіў жыхароў Дамаску, пачаўшы прапаведаваць ім веру ў Хрыста Ісуса, Богам пакліканы апостале Паўле. Бо яны казалі: “Ён раней перасьледаваў тых, што верылі ў імя Хрыстова, і прыйшоў сюды, каб, зьвязаўшы іх, аддаць на мукі. Дык як жа ж ён так раптам зьмяніўся? Ён годны сьмерці”. Ты ж, блаславёны, бачачы іхнюю бессардэчнасьць і асьляпленьне духоўнае, адышоў адтуль, спусьціўшыся па сьцяне ў кашолцы, і ўсклікнуў: Алілуя.
Ікас 4 Поўны руплівасьці, ты пачаў прапаведаваць ня толькі гэбраям, але і ўсім народам, каб ухіляліся ад служэньня Старому Закону і ад абрэзаньня, а сьпяшаліся да Боскага хрышчэньня. Ты стаўся для ўсіх выдатным настаўнікам. Дзеля гэтага клічам: Радуйся, Паўле апостале, Богам пасланы на абвяшчэньне грэшнікам пакаяньня. Радуйся, мілагучная труба, што абвясьціла сьвету збавенную навуку; Радуйся, прапаведніку дабрадзейнасьці і дрэнных нораваў выкрывальніку. Радуйся, міласэрны прыймальніку ўсіх, што да веры Хрыстовай прыходзяць; Радуйся, выбраны посудзе, поўны багацьця духоўных вучэньняў; Радуйся, карабель, што вязе груз пакаяньня; Радуйся, бескарысьлівы лекару нядужых і хуткі пацяшыцелю сумных; Радуйся, што паказваеш праўдзівы шлях для тых, што зблудзілі, і мудра навучаеш няўмекаў. Радуйцеся, Пятро і Паўле, дзьве кветкі поўныя духмянасьці, што ніколі ня вянуць; Радуйцеся вы, што ацаляеце духмянасьцю вашаю ўсялякае беззаконьне; Радуйцеся, Богам пакліканыя дванаццаць апосталаў, пасланыя прапаведаваць валадарства Божае; Радуйцеся, дванаццаць знакаў нябесных, што асьвятлілі ўсякі блуд на зямлі; Радуйцеся, Пятро і Паўле, два вялікія сьветачы, устаноўленыя Хрыстом для ўсяго сьвету.
ДЗЕНЬ V (25.06) Кандак 5 (Пятра) Ты, дастойны апостале Пятро, быў пакліканы ад лоўлі рыбаў і клопатаў зямных, як пракарміць дзетак сваіх. Уверыўшы, ты пайшоў за Хрыстом, які накарміў пяцьцю хлябамі столькі ж тысяч народу, і яшчэ засталося дванаццаць кашоў астаткаў. Несучы разам з іншымі апосталамі гэтыя астаткі і абліваючыся потам, у зьдзіўленьні ты ўсклікнуў: Алілуя.
Ікас 5 Ты быў схоплены архіерэямі і старшынямі габрэйскімі, пабіты і ўкінуты ў вязьніцу разам з Хрысталюбым Янам; табе забаранілі ўспамінаць імя Ісуса і навучаць верыць у Яго. Ты ж, блаславёны Пятро апостале, узброіўшыся ў непахісную веру, перад іхнім зборышчам, быццам каменем з прашчы, прароцкімі словамі абвясьціў Госпада Ісуса; і адышоў ад іх, з радасьцю пацярпеўшы за Ісуса раны і насьмешкі. Дзеля гэтага і мы радасна пяём табе: Радуйся, Пятро апостале, што хлусьлівыя навукі фарысэяў і садукеяў, быццам павуціну разадраў; Радуйся ты, што даеш кульгавым ацаленьне і сьляпым зрок Божаю сілаю; Радуйся ты, што пасьля Хрыста быў вялікім цудатворцам; Радуйся ты, першапасадны вестуне перад магутнымі гэтага сьвету; Радуйся, рыбаку добры, што ўлавіў сваімі сецямі ўвесь сусьвет;Радуйся, хуткі памочніку сьвятымі тваімі малітвамі для тых, што тонуць у пажаданьнях гэтага сьвету; Радуйся, добры посудзе і чыстае селішча Духа Сьвятога; Радуйся, нябесная раса, што дае ўсім, што прыходзяць да цябе, прахалоду ад грахоўнага агню; Радуйцеся, два люстры, Пятро і Паўле, што паказваеце нам нябеснае жыльлё; Радуйцеся, дзьве студні чыстыя, што абмываеце ўсякае беззаконьне; Радуйцеся, выбраныя дванаццаць, пасланыя на абвяшчэньне ўсяму сьвету мук Хрыстовых; Радуйцеся, дванаццаць залатых трубаў, што прагалошваеце запаветы Ісусавы; Радуйцеся, Пятро і Паўле, два вялікія сьветачы, устаноўленыя Хрыстом для ўсяго сьвету. Вярнуцца назад |