Парафія сьвятога Язэпа > Навіны > Ксяндзу каноніку Уладзіславу Завальнюку нададзены тытул Капелана Яго Святасці

Ксяндзу каноніку Уладзіславу Завальнюку нададзены тытул Капелана Яго Святасці


23.05.2024.

Ксяндзу каноніку Уладзіславу Завальнюку нададзены тытул Капелана Яго Святасці23 мая падчас пастырскай сустрэчы духавенства Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі ў Будславе Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Юзаф Станеўскі паведаміў, што па яго просьбе Папа Францішак надаў ганаровы тытул Капелана Яго Святасці ксяндзу каноніку Уладзіславу Завальнюку.


Дэкрэт аб прызначэнні на заканчэнне святой Імшы, якую ў будслаўскай базыліцы канцэлебравалі сабраныя на дзень засяроджання духоўныя асобы з усёй архідыяцэзіі, прачытаў на лацінскай мове арцыбіскуп эмэрыт Тадэвуш Кандрусевіч.

 

Наданне ганаровага тытула папскага прэлата аднаму з найстарэйшых святароў архідыяцэзіі, які 26 мая адзначыць 50-годдзе святарскага служэння, а 8 ліпеня будзе святкаваць 75-гадовы юбілей з дня нараджэння, з’яўляецца выразам прызнання вялікіх заслугаў ксяндза Уладзіслава перад Касцёлам.

 

Большая частка яго святарскага жыцця была прысвечана менавіта служэнню Касцёлу ў Беларусі, дзе руплівы душпастыр прычыніўся да адраджэння веры і адкрыцця многіх зачыненых у гады атэістычнага пераследу каталіцкіх святыняў.

 

Сімвалічна, што пра наданне яму высокай касцёльнай адзнакі было паведамлена менавіта ў Будславе, бо ксёндз Уладзіслаў Завальнюк найбольш паспрыяў развіццю культу Маці Божай Будслаўскай у агульнабеларускім маштабе, і яго намаганнямі штогадовы Будслаўскі фэст быў унесены ЮНЕСКА ў рэпрэзентацыйны спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны чалавецтва.

 

Да гэтага часу адзіным святаром у Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі, які меў тытул Капелана Яго Святасці, быў ксёндз прэлат Эдмунд Даўгіловіч-Навіцкі, пробашч парафіі святога Юзафа ў Маладзечне і дэкан Маладзечанскі.

 

Паводле Catholic.by


Вярнуцца назад