Парафія сьвятога Язэпа > Навіны > Тысячы вернікаў у Ватыкане ўшанавалі Яна Паўла ІІ у 10-годдзе яго кананізацыі
Тысячы вернікаў у Ватыкане ўшанавалі Яна Паўла ІІ у 10-годдзе яго кананізацыі29.04.2024. |
|
Урачыстую цэлебрацыю ўзначаліў кардынал Джаванні Батыста Рэ, дэкан Калегіі кардыналаў. Гамілію прамовіў кардынал Анджэло Камастры, арцыпрэзбітэр эмэрыт ватыканскай базылікі, які падкрэсліў, што Ян Павел ІІ абараняў мір, сям’ю і чалавечае жыццё.
«Жыццё Яна Паўла ІІ было пастаяннай паслухмянасцю Евангеллю Езуса. Касцёл праз Папу Францішка дзесяць гадоў таму прызнаў святасць Яна Паўла ІІ, і сёння мы радуемся і супольна дзякуем Богу, які няспынна стварае святых»,— адзначыў кардынал Камастры. Ён дадаў, што Папа-славянін быў адважным у эпоху страху; перажыўшы вайну, ён заклікаў да міру, падтрымліваў сем’і як найкаштоўнейшы скарб чалавецтва, абараняў годнасць чалавечага жыцця ад зачацця да натуральнай смерці, быў сябрам моладзі і чалавекам, глыбока адданым Марыі.
Сярод канцэлебрантаў быў і польскі кардынал Станіслаў Дзівіш, шматгадовы сакратар Яна Паўла ІІ. Напрыканцы святой Імшы кардынал Дзівіш падзякаваў усім за ўдзел, асабліва кардыналу Рэ, які ўзначаліў цэлебрацыю, і кардыналу Камастры за яго гамілію.
«Хачу падзякаваць кардыналам, арцыбіскупам і біскупам, святарам, кансэкраваным сёстрам і братам і ўсім вернікам, якія прыбылі з Рымскай дыяцэзіі і з многіх краін свету, у тым ліку з Польшчы»,— сказаў кардынал Дзівіш. Іерарх адзначыў, што дзякуючы ўрачыстаму адзначэнню 10-годдзя кананізацыі зноў адрадзілася памяць і любоў вернікаў да Папы-славяніна. Пасля заканчэння святой Імшы кардынал Дзівіш правёў малітву перад грабніцай святога Яна Паўла ІІ.
Паводле: Vatican News PL / Catholic.by Вярнуцца назад |