Парафія сьвятога Язэпа > Навіны > Тытул "Патрыярх Захаду" зноў з'явіўся сярод ганаровых званняў Рымскага пантыфіка

Тытул "Патрыярх Захаду" зноў з'явіўся сярод ганаровых званняў Рымскага пантыфіка


18.04.2024.

Тытул "Патрыярх Захаду" зноў з'явіўся сярод ганаровых званняў Рымскага пантыфікаУ «Папскім штогодніку» за 2024 г., які выйшаў з друку 9 красавіка, адноўлена гэтае старажытнае найменне, скасаванае ў 2006 г. Бенядыктам XVI.

 

Да апошняга часу поўны спіс тытулаў Папы выглядаў такім чынам: «Біскуп Рыма, Вікарый Хрыста, Пераемнік князя апосталаў, Кіраўнік Паўсюднай Царквы, Вярхоўны пантыфік, Прымас Італіі, Архіепіскап і мітрапаліт Рымскай правінцыі, Суверэн дзяржавы-горада Ватыкан, Раб рабоў Божых». Цяпер спіс папоўніўся найменнем "Патрыярх Захаду", якое, на думку гісторыкаў, было ўпершыню прынята Папам Тэадорам яшчэ ў 642 г., аднак у "Папскі штогоднік" яно было ўключана толькі ў 1863 г., пры Пію IX.

 

У 2006 г. Бенядыкт XVI палічыў тытул "састарэлым". У тлумачэнні, апублікаваным тады Папскай радай па садзейнічанні хрысціянскаму адзінству, адзначалася, што культурнае і геаграфічнае разуменне Захаду пашырылася за межы Заходняй Еўропы і ахапіла таксама Паўночную Амерыку, Аўстралію і Новую Зеландыю.

 

Рашэнне Папы Ратцынгера было без захаплення ўспрынята ў праваслаўным свеце, дзе некаторыя багасловы ўбачылі ў ім імкненне Рыма пашырыць сваю ўладу. Аднак у Папскай радзе супакоілі сваіх усходніх партнёраў, заявіўшы: «Адмова ад гэтага тытула пакліканая выказаць гістарычны і багаслоўскі рэалізм і ў той жа час стаць адмовай ад дамаганняў, што магло б прынесці карысць экуменічнаму дыялогу».

 

На гэты раз ні Дыкастэрыя па садзейнічанні хрысціянскаму адзінству, ні прэс-служба Апостальскай Сталіцы не апублікавалі заявы, якая тлумачыць рашэнне Папы Францішка аднавіць патрыяршы тытул.

 

Тытул "Патрыярх Захаду" нагадвае аб досведзе І тыс. царкоўнай гісторыі, калі існавала пяць патрыяршых катэдраў: Рымская, Канстанцінопальская, Александрыйская, Антыёхійская і Ерусалімская, якія складалі так званую Пентархію. 

 

Аднаўленне патрыяршага тытула Рымскага пантыфіка варта разглядаць у кантэксце падрыхтоўкі да святкавання 1700-годдзя І сусветнага сабора ў Нікеі. Яшчэ два гады таму Папа Францішак прапанаваў зірнуць на гэты юбілей як на новы стымул да аб'яднання Цэркваў. Заклік становіцца тым больш актуальным, што ў 2025 г. хрысціяне ўсіх канфесій будуць святкаваць Вялікдзень у адзін дзень - 20 красавіка.

 

Гістарычна тытул Патрыярха застаецца адзіным тытулам, агульным для Усходу і Захаду і, аднавіўшы яго, Францішак у пэўным сэнсе паставіў сябе на адзін узровень з праваслаўнымі першаерархамі.


Вярнуцца назад