Парафія сьвятога Язэпа > Навіны > Слова Апостальскага адміністратара для грэка-католікаў Беларусі Архімандрыта Сяргея на свята Пасхі Хрыстовай 2024 году

Слова Апостальскага адміністратара для грэка-католікаў Беларусі Архімандрыта Сяргея на свята Пасхі Хрыстовай 2024 году


30.03.2024.

Слова Апостальскага адміністратара для грэка-католікаў Беларусі  Архімандрыта Сяргея на свята Пасхі Хрыстовай 2024 годуПачэсныя Святары і Дыяканы! Дарагія Манахі, Манахіні і Браты Семінарысты!

Любыя ў Госпадзе Браты і Сёстры! Паважаныя Сябры!

 

1.Прыміце, калі ласка, сардэчныя віншаванні са святам Светлай Пасхі Госпада і Збаўцы нашага Ісуса Хрыста.

 

Прывітанне Христосъ воскресе! – Хрыстос уваскрос! напаўняе радасцю нашы сэрцы і прасвятляе розумы ў Велікодныя святы Anno Domini 2024 - гэта значыць 35 гадоў пасля аднаўлення адкрытага, прылюднага душпастырскага служэння Грэка-Каталіцкай Царквы ў Беларусі (у 1989 г.) і ў першую гадавіну аднаўлення царкоўных структур у форме Апостальскай адміністратуры для грэка-католікаў Беларусі – 30 сакавіка 2023.

 

На працягу 35-ці гадоў святары і вернікі грэка-каталіцкіх парафій у Беларусі прайшлі няпросты шлях нястомных намаганняў, каб арганізаваць адкрытае, прылюднае літургічнае жыццё і душпастырскае служэнне. Дзякуй вам усім, што вы цярпліва і мужна захоўваеце жывую веру, хрысціянскую надзею і дзейсную любоў, крыніцай якіх з’яўляецца Тайна Уваскрасення Хрыстовага.

 

2. Перамога Крыжа і пустая магіла Хрыста паглыбляе нашу веру і ўмацоўвае надзею. У малітоўных разважаннях мы ўзгадваем доўгі Крыжовы шлях нашай Царквы падчас і пасля Другой сусветнай вайны – шлях генацыду беларускага народу. З удзячнасцю ўспамінаем адважных Сімонаў-Кірэнейцаў, якія суправаджалі нас на шляху за Уваскрослым Хрыстом і шчыра дзякуем за ўсю падтрымку і дапамогу.

 

3. З набожнай пашанай узгадваем гераічных ерархаў, святароў, вернікаў – пакутнікаў ды мужных вызнаўцаў Хрыста. Іх прыклад заахвочвае нас глядзець з надзеяй у будучыню, да чаго заклікае нас Яго Святасць Папа Францішак з нагоды пяцігоддзя ягонай – накіраванай да моладзі – апостальскай адгартацыі (настаўлення) Christus vivit - “Хрыстос жыве!”

 

Хрыстос жыве ў Царкве Адзінай, Святой, Паўсюднай і Апостальскай. А мы – сённяшнія хрысціяне, сталыя ды маладыя, закліканыя быць Яго мужнымі сведкамі. Уваскрослы Хрыстос перамог зло ды ўсякі страх і дае нам дар міру і мужнасці, каб не баяцца ісці шляхам Божых Прыказанняў, шляхам Евангелля радасці.

 

4. У гэтыя дні хочам сардэчна прывітаць са святам Пасхі Гасподняй усіх, хто яе святкуе паводле новага календара: грэка-католікаў, братоў рыма-католікаў, братоў пратэстантаў.

 

Братам праваслаўным і грэка-католікам, якія будуць святкаваць Пасху паводле юліянскага календара, жадаем добрага вялікапоснага духовага подзвігу.

 

Усім жадаем багатых дароў міру і радасці, жывой веры, мужнай надзеі ды дзейснай любові ад Уваскрослага Хрыста і вітаем святочным вітаннем: Хрыстос уваскрос - Сапраўды ўваскрос!

 

Мінск, Пасха Гасподняя 2024 году.

 

+Архімандрыт Сяргей (Гаек)

Апостальскі адміністратар для грэка-католікаў Беларусі


Вярнуцца назад