Парафія сьвятога Язэпа > Навіны > Добры Разбойнік: сімвал Божай Міласэрнасці да ўсіх грэшнікаў
Добры Разбойнік: сімвал Божай Міласэрнасці да ўсіх грэшнікаў26.03.2024. |
У дзень 25 сакавіка Рымскі Мартыралог — галоўны збор святых Каталіцкага Касцёла — успамінае Добрага разбойніка, які быў кананізаваны самім Езусам. Святы Добры Разбойнік, якога апокрыфы называюць Дысмас (у старажытнарускай традыцыі Рах) — адзін з двух злачынцаў, павешаных на крыжах побач з Езусам. Ён — увасабленне таго, хто блукаў гадамі, каб перад самай смерцю прыняць найлепшае рашэнне ў сваім жыцці.
Звесткі пра яго падае святы Лука ў сваім Евангеллі (гл. Лк 23, 39–43). Калі другі злачынец, укрыжаваны разам з Езусам, абражаў Збаўцу, Дысмас папракнуў яго, сказаўшы, што яны справядліва паміраюць за свае злачынствы, але Езус не зрабіў нічога дрэннага. Пасля ён звярнуўся да Езуса з просьбай узгадаць яго, калі Той прыйдзе ў сваё Валадарства. І Езус паабяцаў Добраму Разбойніку — як яго называюць з таго часу — што ўжо сёння ён будзе з Ім у раі.
Гэта быў першы канкрэтны акт кананізацыі, які Хрыстус здзейсніў на крыжы.
Пра Добрага Разбойніка пісалі многія Айцы Касцёла і святыя. Яго імя — Дысмас — паходзіць з апакрыфічных твораў. Усходні Касцёл нават ушаноўвае яго як мучаніка. У Балонні ў касцёле святога Віталіса і ў базыліцы святога Стэфана пакланяліся часткам крыжа, на якім памёр Добры Разбойнік. Пілігрымы, якія скіроўваліся на Святую Зямлю, часта наведвалі мястэчка Латрум каля Эмаўса, назва якога перакладаецца з лаціны як «злодзей», што нагадвае асобу Добрага Разбойніка.
Добры Разбойнік з’яўляецца сімвалам Божай Міласэрнасці; яго прыклад паказвае, што нават у апошні момант жыцця можна навярнуцца да Бога. Святы Дысмас з’яўляецца заступнікам Галіпалі (Апулія, Італія), злачынцаў і грэшнікаў, якія пакаяліся, зняволеных, паміраючых, асуджаных на смерць і тых, хто просіць аб ласцы добрай смерці, а таксама турэмных капеланаў.
Гэта ўзор дасканалага жалю за грахі.
У іканаграфіі Добры Разбойнік прадстаўлены ў выглядзе юнака або сталага ці нават старога мужчыны ў насцёгнавай павязцы або кароткай туніцы. Атрыбуты святога Дысмаса — крыж, ланцуг, дубіна, меч або нож.
Лічыцца, што ніжняя дыяганальная бэлька праваслаўнага крыжа сімвалізуе двух асуджаных злачынцаў, укрыжаваных разам з Хрыстом. Яе правае плячо, узнятае ўгору, паказвае на неба, куды пайышоў Добры Разбойнік, а апушчанае ўніз левае плячо паказвае пекла, куды трапляе той, хто не пакаяўся.
Паводле: Brewiarz.рl / Падрыхтавала: Аляксандра Шпілеўская / Catholic.by Вярнуцца назад |