Парафія сьвятога Язэпа > Навіны > 10 цікавых фактаў з 11-гадовага пантыфікату Папы Францішка, якія запомняцца надоўга

10 цікавых фактаў з 11-гадовага пантыфікату Папы Францішка, якія запомняцца надоўга


14.03.2024.

10 цікавых фактаў з 11-гадовага пантыфікату Папы Францішка, якія запомняцца надоўга11 гадоў таму, 13 сакавіка 2013 года, аргентынскі кардынал Хорхэ Марыё Бэргольё быў выбраным Папам, прыняўшы імя Францішак.


Да гадавіны абрання Каталіцкае інфармацыйнае агенцтва КАІ зрабіла выбарку з 10-і яскравых фактаў пантыфікату Папы Францішка.

 

1. «Добры вечар!» — гэтымі простымі словамі Папа Францішак прывітаў людзей, сабраных на плошчы Святога Пятра, а таксама ўвесь свет адразу пасля свайго абрання ўвечары 13 сакавіка 2013 года.

Апрануты толькі ў белую папскую сутану, без традыцыйнай чырвонай пелерыны, ён з’явіўся на балконе базылікі святога Пятра як пастыр «з іншага свету».

Перад тым, як удзяліць папскае благаслаўленне, ён папрасіў благаслаўлення ў вернікаў.

 

2. Сустрэча двух Папаў: свет абляцелі нябачаныя дагэтуль фотаздымкі: на іх былі Папа эмэрыт Бэнэдыкт XVI, які адрокся ад папскага пасаду, і новаабраны Папа Францішак. Два іерархі Касцёла ў белых сутанах, хоць усе прызвычаіліся да таго, што «можа быць толькі адзін». Многія тады задаваліся пытаннем, як складуцца іх адносіны. Насуперак, а можа акурат дзякуючы ўзаемаразуменню, абодва прапусцілі непаўторны шанц разам паглядзець фінал Чэмпіянату свету па футболе 2014 года, у якім згулялі зборныя з родных краін Пантыфікаў, Аргентыны і Германіі (0:1).

 

3. Перадусім бежанцы: аднадзённы візіт Папы Францішка на італьянскі востраў Лампедуза ў ліпені 2013 года атрымаў вялікі рэзананс у свеце. Гэты візіт стаў доказам таго, што новы Папа ўсур’ёз адносіцца да свайго абяцання пайсці «на перыферыі» і да тых, хто апынуўся на ўзбоччы жыцця.

 

4. Падчас пілігрымкі на Святую Зямлю ў маі 2014 года, якая праходзіла ў Ярданіі, Ізраілі і на тэрыторыі Палестыны, Папа заклікаў да міру на Блізкім Усходзе.

Святы Айцец зрабіў шэраг выразных жэстаў дзеля міру, сярод якіх малітва каля ізраільскай абарончай сцяны і сімвалічны поціск рук з прадстаўнікамі трох рэлігій каля Сцяны Плачу ў Ерузалеме.

 

5. У людзей выклікаў страх адзін выгляд цалкам знявечанага Вінічыё Рывы, 53-гадовага мужчыны з італьянскай Вічэнцы, хворага на нэйрафібраматоз — цяжкое генетычнае захворванне, калі цела пакрываецца падскурнымі гузамі, якія свярбяць і крывавяць, прычыняючы вялікія пакуты. Мужчыну ўсе пазбягалі, баючыся заразіцца. Падчас агульнай аўдыенцыі Папа Франіцшак падышоў да Вінічыё, прытуліў яго да сябе і пацалаваў яго знявечаны твар.

 

6. Сказ з праграмнай Апостальскай адгартацыі Evangelii gaudium — «Радасць Евангелля», — апублікаванай у 2013 годзе, стаў адной з найбольш часта цытаваных фраз Святога Айца:

«Я аддаю перавагу Касцёлу пабітаму, зраненаму і бруднаму, бо ён выйшаў на вуліцу, чым Касцёлу хвораму ад замкнёнасці і камфорту, засяроджанаму на ўласнай бяспецы. Не хачу Касцёла, які заклапочаны быць цэнтрам, які ўрэшце замыкаецца ў гушчары дакучлівых ідэй і працэсаў»(EG 49).

 

7. Акрамя новых душавых, бяздомныя ў ваколіцах Ватыкана з 2015 года могуць карыстацца ўласнымі цырульніцкімі паслугамі. Апостальскі элемазінарый зрабіў для іх даступным салон-цырульню пры каланадзе плошчы Святога Пятра. Там рымскія цырульнікі добраахвотна голяць і стрыгуць патрабуючых.

 

8. У лютым 2016 года Папа Францішак сустрэўся на Кубе з патрыярхам Маскоўскім Кірылам. Гэта была першая ў гісторыі сустрэча Пантыфіка з кіраўніком Рускай Праваслаўнай Царквы, падчас якой быў падпісаны супольны дакумент.

 

9. Пандэмія каранавірусу на пачатку 2000 года на некалькі месяцаў ахапіла ўвесь свет, у тым ліку і Ватыкан.

Папа Францішак, які так любіць быць сярод людзей, быў вымушаны адзін цэлебраваць пасхальныя ўрачыстасці на пустой плошчы Святога Пятра і ў ватыканскай базыліцы.

 

10. Апублікаваная ў чэрвені 2015 года экалагічна-сацыяльная энцыкліка Laudato si’ трапіла на першыя старонкі СМІ ва ўсім свеце. У дакуменце Святы Айцец заахвочвае людзей змяніць сваё спажывальніцкае стаўленне да навакольнага асяроддзя і да тых, хто ў ім жыве. Гэтай энцыклікай Папа Францішак распачаў пісаць новую старонку ў сацыяльным вучэнні Касцёла.

 

Паводле: КАІ / Catholic.by


Вярнуцца назад