Парафія сьвятога Язэпа > Навіны > 1155 ГАДОЎ АД ПЕРАСТАЎЛЕННЯ СВ. КІРЫЛА САЛУНСКАГА

1155 ГАДОЎ АД ПЕРАСТАЎЛЕННЯ СВ. КІРЫЛА САЛУНСКАГА


14.02.2024.

1155 ГАДОЎ АД ПЕРАСТАЎЛЕННЯ СВ. КІРЫЛА САЛУНСКАГА У панядзелак, 12 лютага 2024 г., у базыліцы св. Клімента ў Рыме адзначалася свята святых братоў Кірыла і Мятода, Апосталаў Славянаў і Сузаступнікаў Еўропы. 


Паводле традыцыі гэтую ўрачыстасць - Перастаўленне св. Кірыла, магіла якога знаходзіцца ў крыпце базылікі - арганізуюць па чарзе папскія славянскія інстытуты ў Рыме (харвацкі, чэшскі, славацкі і славенскі). Сёлета ўрачыстасць была арганізавана Папскім харвацкім інстытутам св. Ераніма.

 

Св. Імшу на італьянскай мове ўзначаліў Уладыка Пётр Паліч, біскуп Мостару і  Дувна. На той жа св. Імшы прысутнічалі Ўладыка Ёна (Максім) - мітрапаліт Прэшаўскі, першаерарх Грэка-Каталіцкай Царквы свайго права (sui iuris) ў Славакіі ды Апостальскі Адміністратар для грэка-католікаў Казахстана і Сярэдняй Азіі - мітрафорны протаіерэй Васіль Гавера.  Канцэлебравалі рэктары рымскіх інстытутаў, выкладчыкі папскіх універсітэтаў, члены розных дыкастэрый Рымскай курыі, святары з славянскіх краінаў. 

 

На пачатку св. Імшы рэктар Інстытута св. Ераніма Марка Дзюрын нагадаў, што 14 лютага г.г. спаўняецца 1155 гадоў з дня смерці св. Кірыла (у Рыме).

 

У гаміліі Біскуп Пётр Паліч заклікаў сабраных нанава знайсці сілу ў вернасці Ісусу Хрысту і Яго Евангеллю і звяртацца да заступніцтва св. Кірыла і Мятода, каб Еўропа, а асабліва ўсе славянскія народы, нанова адкрылі прыгажосць і хараство Евангелля Ісуса, якое святыя Браты Кірыл і Мятод абвяшчалі мужна - на мове славянаў.

 

Перад заканчэннем урачыстасці рэктар Інстытута св. Ераніма Марка Дзюрын нагадаў усім прысутным, што ў гэтай базыліцы знаходзіцца капліца святых Братоў - з мошчамі св. Кірыла, у аздабленні якой удзельнічаў у XIX ст. біскуп Дзякава і Срыема Ёзаф Юрай Штросмаер, пра што сведчыць надпіс у самой капліцы. 

 

Эўхарыстычная цэлебрацыя завяршылася працэсіяй са свечкамі, са спевам літаніі да ўсіх святых, ад цэнтральнай навы базылікі да крыпты, дзе знаходзіцца магіла св. Кірыла. У той жа час прачытана ўрывак з “Жыцця Канстанціна-Кірыла” пра ягоную смерць ды  малітву, якой маліўся св. Папа Ян Павел ІІ у 1981 г. падчас візіту ў базыліку св. Клімента.

 

(Паводле Харвацкай рэдакцыі Vatican News).


Вярнуцца назад