Парафія сьвятога Язэпа > Казаньні і гаміліі > Заўтра – пустата.

Заўтра – пустата.


7.11.2008.
Лк 12, 16-21


Дарагія браты і сёстры!

Часам, калі ў думках мы зьвяртаемся да свайго жыцьця, яно перад намі паўстае як нешта велізарнае, і нават бясконцае. Асабліва маладым людзям бывае складана ўявіць сабе, што ўсё калісьці мусіць перамяніца, што пылаючае здароў’ем і энергіяй жыцьцё мусіць калісьці скончыцца.

У сёньняшнім Евангельлі Ісус Хрыстос распавядае нам прытчу аб ненадзейнасьці зямнога багацьця. Адзін багаты чалавек атрымаў вялікі ўраджай. Але ня меў куды пакласьці лішкі ўраджаю, таму і вырашыў зламаць старыя засекі і збудаваць новыя, большыя. І сабраўшы ўсё дабро, сказаў сваёй душы: “Душа! Шмат дабра ляжыць у цябе на многія гады: супакойся, еж, пі, весяліся” (Лк 12,19). Але, шкада, у бліжэйшую жа ноч страціў сваё жыцьцё, бо “так бывае з тым, хто зьбірае скарбы сабе, а не ад Бога багацее” (Лк 12, 21).

Цікава, што ж Ісус Хрыстос хацеў сказаць у гэтай прытчы?! Няўжо ж віною гэтага багача было тое, што ён, з Божай ласкі атрымаўшы вялікі ўраджай, па-гаспадарску вырашыў яго захаваць, каб не сапсаваўся?! Напэўна ж, не! Проста, гэты багаты чалавек жыў толькі для сябе. Бог даў яму вялікія дары, але багач не пабачыў тысячаў патрабуючых, якім мог бы аддаць лішак свайго ўраджаю. Магчыма, ён нават уратаваў бы гэтым камусьці жыцьцё! Але багач ня лічыць сябе забавязаным дапамагаць бліжняму. Ён думае толькі пра сябе і пра сваю будучыню.

Дарагія браты і сёстры. Вельмі часта бывае так, што наш позірк скіраваны ў будучыню. Скіраваны кудысьці далёка, за далягляд гадоў, туды, дзе нас яшчэ няма. Мы жывем, працуем, ахвяруем свае сілы і час для таго, каб напоўніць свае засекі дабром, каб нашая будучыня была шчасьлівай і добрай. Мы жывём, укладаючы вялікія планы і праэкты, якія зрэалізуюцца заўтра. Гэта добра і нават мудра. Але вельмі важна таксама, каб у нашай пагоні за будучым не заблукаць у пустаце і выпадкова не згубіць сёньняшні дзень. Дзень, у якім мы можам сустрэць Хрыста. Толькі сёньня мы можам сустрэць Яго! Сёньня мы можам спаткаць тысячы цярпячых людзей, якія патрабуюць нашага гарачага сэрдца, нашай любові. Людзей, якіх мы ўжо не сустрэнем заўтра. Магчыма, мы ўжо ніколі іх не сустрэнем… Чаго ж тады будуць вартыя ўсе нашыя пляны? Чаго будзе вартае “заўтра” у якога няма “сёньня”? Сьпяшайся любіць, бо сёньняшні дзень ёсьць вельмі кароткі!

Вярнуцца назад