Парафія сьвятога Язэпа > Навіны > Пятніца, 27 кастрычніка 2023: Дзень посту і малітвы за мір

Пятніца, 27 кастрычніка 2023: Дзень посту і малітвы за мір


24.10.2023.

Пятніца, 27 кастрычніка 2023: Дзень посту і малітвы за мірЗВАРОТ

Каталіцкіх біскупаў Беларусі
адносна дня посту, малітвы і пакаяння ў інтэнцыі міру

Мінск, 19 кастрычніка 2023 г.

Дарагія браты і сёстры ў Хрысце!

 

18 кастрычніка гэтага года, падчас Генеральнай аўдыенцыі, Святы Айцец Францішак, разважаючы пра шматлікія ваенныя канфлікты ў свеце сказаў: «У свеце адкрыта шмат франтоў вайны. Няхай змоўкне зброя, няхай будзе пачуты крык бедных і дзяцей аб міры. Вайна не вырашыць ніводнай праблемы. Яна сее толькі смерць і разбурэнне. Яна павялічвае нянавісць. Яна памнажае помсту». Пры гэтым Пантыфік дадаў, што вайна перакрэслівае будучыню. «Заахвочваю вернікаў стаць на адзін бок у гэтым канфлікце — бок міру, — не толькі словамі, але малітвай», — заклікаў Папа Францішак.

 

Святы Айцец прапануе правесці ў пятніцу 27 кастрычніка дзень посту, малітвы і пакаяння, да якога ён запрашае далучыцца людзей «розных хрысціянскіх канфесій, тых, хто належыць да іншых рэлігій, і ўсіх тых, хто імкнецца да справы міру ў свеце: няхай далучацца да гэтай ініцыятывы паводле свайго меркавання».

 

«27 кастрычніка ў 18.00 (па рымскім часе) у базыліцы святога Пятра мы перажывем гадзіну малітвы ў духу пакаяння, каб прасіць аб міры, міры ў гэтым свеце. Прашу ўсе партыкулярныя Касцёлы ўдзельнічаць у падрыхтоўцы падобных ініцыятываў з удзелам Божага народа», — заклікаў Папа Францішак.

 

Далучаючыся да просьбы Святога Айца, Канферэнцыя Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі заклікае вернікаў нашай краіны, кожнага хрысціяніна, а таксама кожнага чалавека добрай волі, якому неабыякавы мір на свеце, 27 кастрычніка зрабіць днём посту, малітвы і пакаяння ў намеры міру.


Звяртаемся з прапановай і просьбай да кожнага пробашча ў Беларусі, каб, па магчымасці, 27 кастрычніка ў 19.00 па беларускім часе (па рымскім часе ў 18.00) далучыцца ў малітве да Святога Айца з адмысловым набажэнствам аб міры (паводле ўласнага меркавання).

 

На гэтую Божую справу ад усяго сэрца благаслаўляем,

 

Каталіцкія біскупы Беларусі


Вярнуцца назад