Парафія сьвятога Язэпа > Навіны > Святы Пасад зрабіў заяву перад беатыфікацыяй сям’і Ульма — мучанікаў, забітых гітлераўцамі ў Польшчы

Святы Пасад зрабіў заяву перад беатыфікацыяй сям’і Ульма — мучанікаў, забітых гітлераўцамі ў Польшчы


9.09.2023.

Святы Пасад зрабіў заяву перад беатыфікацыяй сям’і Ульма — мучанікаў, забітых гітлераўцамі ў Польшчы5 верасня Святы Пасад абнародаваў заяву адносна беатыфікацыі сям’і Ульма, якая адбудзецца ў Польшчы 10 верасня.


Як паведаміла Беларуская рэдакцыя парталу Vatican News, у дакуменце, падпісаным Прэфектам Дыкастэрыі па справах кананізацыі кардыналам Марчэло Сэмэрара, сказана, што дзіця, якім была цяжарная Вікторыя Ульма, нарадзілася ў момант мучаніцкай смерці маці, таму і было далучана да групы дзяцей-мучанікаў.

 

«У сувязі з нядаўна распаўсюджанай у некаторых СМІ інфармацыяй аб мучаніцкай смерці сям’і Ульма, абрад беатыфікацыі якой адбудзецца 10 верасня 2023 года ў польскім Маркове, Дыкастэрыя па справах кананізацыі заяўляе, што ў момант забойства Вікторыя Ульма была цяжарная сёмым дзіцём. Яно нарадзілася ў час мучаніцкай смерці маці. Такім чынам яго дадалі да ліку дзяцей-мучанікаў. У мучаніцкай смерці бацькоў яно прыняло хрост крывёй»,— паведамляецца ў заяве Святога Пасаду.

 

Сям’я Ульма была забітая гітлераўцамі 24 сакавіка 1944 года за ўкрыванне габрэяў. Спачатку забілі іх, а потым усю сям’ю Ульма: Юзафа, Вікторыю і іх шасцёх дзяцей: Стася, Басю, Уладзя, Франя, Антося і Марысю. Самаму старэйшаму з іх было 8 гадоў, наймалодшаму — паўтара гадкі.

 

У дзень злачынства Вікторыя была на познім тэрміне цяжарнасці і з прычыны стрэсу, звязанага з расстрэлам, у яе пачаліся роды.

 

Разам з кардыналам Марчэло Сэмэрара беатыфікацыйную Імшу ў Маркове будуць канцэлебраваць каля тысячы святароў і 80 кардыналаў і біскупаў з Польшчы і з-за мяжы. Аб сваім удзеле ў ёй толькі афіцыйна заявілі больш за 32 тысячы чалавек. На літургіі будзе прысутнічаць галоўны рабін Польшчы.

 

Паводле Catholic.by


Вярнуцца назад