Парафія сьвятога Язэпа > Навіны > У Маскве забіты два сьвятары

У Маскве забіты два сьвятары


2.11.2008.
У Маскве забіты два сьвятары
У аўторак 28 кастрычніка 2008 г. каля 21:00 па маскоўскім часе ў кватэры, якая належыць Таварыству Хрыста, па вуліцы Пятроўка былі знойдзены забітымі сьвятары-езуіты Отто Мэссмэр і Віктар Бэтанкур.

Айцец Отто Мэссмэр зьяўляўся пробашчам незалежнага расейскага рэгіёну «Таварыства Хрыста». Айцец Віктар з 2008 г. выконваў функцыі прадстаўніка заснавальніка пры Інстытуце філасофіі, тэалогіі і гісторыі сьвятога Фамы ў Маскве. Абодва сьвятары аказвалі актыўную пастырскую дапамогу ў касьцёле сьвятога Людовіка ў Маскве.

«Каталіцкі Касьцёл у Расіі панёс вялікую страту. Адышлі з жыцьця руплівыя пастыры, якіх вельмі любілі вернікі. Касьцёл узносіць да міласэрнага Бога малітвы, каб Ён прыняў да свайго Валадарства душы забітых сьвятароў Віктара і Отто», — адзначана ў афіцыйным пасланьні Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў Расеі.

Разам з тым Каталіцкі Касьцёл «моліцца і за тых, хто зьдзейсніў гэтае жудаснае забойства, каб Бог адарыў іх ласкай пакаяньня», бо «забойства чалавека — цяжкі і страшэнны грэх, а кожны, хто яго ўчыніў, павінен атрымаць справядлівае пакараньне».

«Касьцёл спадзяецца, што расійскія праваахоўныя органы здолеюць знайсьці злачынцаў, а суд і грамадства дадуць іх учынкам аб’ектыўную юрыдычную і маральную ацэнку», — гаворыцца ў дакуменце.

У сераду 29 кастрычніка ў храме Беззаганага Зачацьця Найсьвяцейшай Панны Марыі ў Маскве арцыбіскуп Паоло Пэццы цэлебраваў пахавальную сьвятую Імшу па двум забітым сьвятарам-езуітам.

Ад імя Каталіцкага Касьцёла на Беларусі Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі Тадэвуш Кандрусевіч скіраваў шчырыя спачуваньні.

Адносна забітых у Маскве двух айцоў езуітаў выдаў заяву прэсавы прадстаўнік Апостальскай Сталіцы айцец Фэдэрыко Лёмбарді. Ён сказаў, што забойства ксяндза Бэтанкур мела месца праўдападобна пад канец мінулага тыдня, «бо не адслужыў, як меў у звычаі, Сьвятой Імшы ў нядзелю 26-га кастрычніка. За тое ксёндз Мэссмэр быў у гэтым часу за мяжой а да Масквы вярнуўся ў панядзелак вечарам і праўдападобна быў тады забіты».

Абурэньне з прычыны забойства двух езуітаў выказалі таксама прадстаўнікі іншых веравызнаньняў Расіі.

Спачуваньні выказаў Патрыярх Масквы і Усяе Русі Аляксей ІІ. Ён сказаў: «выказваю спачуваньне з прычыны гэтага трагічнага забойства. Нашым супольным абавязкам ёсьць малітва за вечны супакой гэтых людзей».

Словы спачуваньняў выказаў таксама ў імені мусульманаў Расіі заступнік Рады Муфтый Расейскай Фэдэрацыі Дамір Гізатулін. «Гэтыя забойствы абазначаюць глыбокую страту для веруючых. Мусульмане выказваюць шчырыя спачуваньні ў сувязі з гэтаю трагэдыяю прадстаўнікам Закону Езуітаў і ўсім, якія ведалі айцоў Мэссмэра і Бэтанкур».- запэўніў Гізатулін.

Спачуваньні выказалі таксама прадстаўнікі гэбрэйскае супольнасьці ды пратэстанты.

Вярнуцца назад